“Найвялікшы ды сціплы беларус”. Васіль Быкаў ва ўспамінах Карласа Шэрмана

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў / haroshak.by

“Жыццёвымі ўчынкамі, творчасцю і адносінамі да сумлення ён стаўся найвялікшым ды сціплым беларусам ХХ стагоддзя”. Так у сваёй кнізе “Блуканец” згадвае Васіля Быкава перакладчык ды літаратар Карлас Шэрман

Якім быў Быкаў? Як ставіўся да сваёй творчасці і сітуацыі ў краіне? Ці любіў жартаваць і хто быў самым давераным чалавекам у яго жыцці? Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Еўрарадыё публікуе ўспаміны з мемуараў яго сучасніка і калегі. 

Арфаграфія ў тэксце захаваная згодна з арыгінальным выданнем.

 

У гасцях у Быкава

У 1968 годзе я езьдзіў у Горадню па літаратурных справах. У аэрапорце мяне сустрэў Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Ён правёў да гатэлю ды прызначыў сустрэчу ўвечары каля Фарнага касьцёлу, каб пайсьці да яго дадому. 

Я схадзіў у рэдакцыю “Гарадзенскае праўды”, каб адзначыць камандзіроўку, ды заўважыў: у габінэце галоўнага не было крэслаў. Дзядзька, які прымаў мяне, перапрашаў, маўляў, сёньня быў партсход і крэслы зьнесьлі ў залю. Пазьней я дазнаўся, што гэта быў за сход. 

Васіль Быкаў на беразе Нёмана / Архіў

Сустрэчы ў Менску

Пазьней мы сустракаліся з Васілём, калі ён наяжджаў у Менск, а сустрэчы сталіся больш частымі, калі ён пераехаў жыць у стольны горад. 
Гэта толькі пачатак, бо ў 1989 годзе, калі заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтар, адразу ён падключыў мяне да справы зь першага паседжаньня ў Доме кіно, дзе сёньня ўзноўлены касьцёл сьвятых Сымона і Алены. 

Гэта быў час стварэньня і “Мэмарыялу”, і “Мартыралёгу Беларусі”, і Беларускага народнага фронту, зорны час адзінага, бадай, харызматычнага лідэра тагачасных беларусаў 3янона Пазьняка, і амаль усе сходы адбываліся ці то ў Доме кіно, ці то ў Доме літаратара. 

3 тае пары мы сустракаліся з Быкавым часьцей на абмеркаваньні праблемаў ПЭН-цэнтру, але ні разу за гэтулькі гадоў ён ня выпусьціў з дому без пачостачкі, без гамонкі на тагачасныя тэмы. 

Васіль вельмі добра ўмеў слухаць, ды найперш слухаў я яго, бо ён фармуляваў думкі зграбна, і ягоныя ацэнкі рана ці позна набывалі контуры горкай ды балючай рэчаіснасьці. 

 

Вясёлы і заўсёды гатовы дапамагчы

Ён таксама бываў у мяне дома, адносіўся з сымпатыяй да маёй жонкі. 

Наагул грамадзтва намалявала сабе вобраз крыху жорсткага, нелюдзімага, сквапнага на словы, заўсёды спахмурнелага Быкава. Насамрэч Васіль быў пяшчотным, вясёлым чалавекам, выдатным імгненным карыкатурыстам, адданым сябрам, заўсёды гатовым камусьці дапамагчы, нават ня маючы чым, і гэтым, дарэчы, пасьпяхова карысталіся. 

Ён не любіў публічнасьці сваёй асобы, часьцей нагадваў пра тое, што сам лічыць сябе прыватнай пэрсонай, аднак, калі гэта было патрэбна, ён выказваўся мужна і вельмі дакладна, бо праўда была стрыжнем характару, маральнай апораю і сэнсам ягонага жыцьця. 

 

“Замежжа — ніяк не радзіма”, ці Як Быкаў трапіў у Фінляндыю

Краіна паступова адыходзіла ад перабудовы, з 1994 году распачалося зацятае вяртаньне ў мінулае. 

Васіль ня мог спакойна дыхаць на радзіме, дзе яго цкавалі па-чорнаму амаль штодня.

Пасьля вялікага міжнароднага форуму ў абарону дэмакратыі і культуры, які ладзілі мы ў Менску, пасьля кангрэсаў Міжнароднага ПЭН-клюбу з нашым удзелам мацнелі міжнародныя кантакты Беларускага ПЭН-цэнтру. 

“Найвялікшы ды сціплы беларус”. Васіль Быкаў ва ўспамінах Карласа Шэрмана
Васіль Быкаў з жонкай Ірынай Міхайлаўнай / Архіў

Рэжым забіў Быкава, але памяць жыве

Народныя паховіны ўзрушылі мяне, усё ж людзі ня здолелі заставацца дома, а разьдзялілі боль, заадно спавесьціўшы сьвет, каб зьведаў ён пра яшчэ адну старонку беларускае трагедыі.

Выкарыстаць апошнюю кропку Васілёвага жыцьця дзеля афіцыёзнай прапаганды не ўдалося, нават шэрагам “вытанчаных” правакацыяў наступньіх дзён. 

Сьціплы наш Васіль ніколі не лічыў сябе духоўным лідэрам альбо сумленьнем нацыі, як мы шчыра меркавалі і сапраўды адчуваем. Ён, безумоўна, разумеў вагу свайго імя і свайго слова, але жыцьцёвымі ўчынкамі, творчасьцю і адносінамі да сумленьня ён стаўся найвялікшым ды сьціплым беларусам дваццатага стагодзьдзя. 

Набыць кнігу “Блуканец” Карласа Шэрмана можна тут 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі