Пачалі затрымліваць беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы па новы пашпарт
Ёсць людзі, якія "не ўспрымаюць магчымую небяспеку пры паездцы ў Беларусь"
У Беларусі пачалі затрымліваць беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы па новы пашпарт. Пра першы вядомы выпадак распавёў "Зеркалу" сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак.
"Мы ўжо ведаем пра выпадак, калі чалавек заязджаў на тэрыторыю Беларусі і быў затрыманы праз тое, што ён перасёк мяжу і быў ці то ў базах, ці то пад крымінальным пераследам, пакуль яшчэ нам гэта невядома", — кажа Стрыжак.
Пра асобу затрыманага і дэталі затрымання ён не стаў расказваць з меркаванняў бяспекі. Паводле слоў Андрэя Стрыжака, такія выпадкі пакуль не масавыя. Яго трывожыць, што ў замежжы ёсць людзі, якія "не ўспрымаюць магчымую небяспеку пры паездцы ў Беларусь і чамусьці думаюць, што іх гэтая сітуацыя не датычыць".
З 7 верасня пачаў дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога грамадзяне Беларусі, якія жывуць у іншых краінах, не могуць атрымліваць новыя пашпарты ў дыппрадстаўніцтвах РБ. Для гэтага ім трэба ехаць у Беларусь, а гэта звязана з рызыкай затрымання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.