Эксперты ААН заклікаюць не дэпартаваць беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі

Пратэсты ў Беларусі, архіўнае фота

Пратэсты ў Беларусі, архіўнае фота / Еўрарадыё

Эксперты ААН заклікаюць не дэпартаваць беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі і дапамагчы ім з альтэрнатыўнымі дакументамі. Адпаведны зварот з'явіўся на сайце міжнароднай арганізацыі.

У ім гаворыцца, што ўказ Лукашэнкі, які забараніў выдачу і падаўжэнне пашпартоў у дыпмісіях за мяжой, закране сотні тысяч беларусаў: "Асабліва тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года".

Сярод падпісантаў заявы — спецдакладчык па Беларусі Анаіс Марэн, спецдакладчыца па становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар ды іншыя.

Яны кажуць, што "пашпартны ўказ" дыскрымінуе ўсіх беларусаў, якія пражываюць за мяжой. Эксперты падкрэсліваюць, што гэта палітычная мера, каб пакараць беларусаў у выгнанні, у тым ліку праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі.

Яны заклікаюць афіцыйны Мінск адклікаць указ і аказваць консульскія паслугі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй. Да дзяржаваў-чальцоў ААН падпісанты звяртаюцца з заклікам не дэпартаваць беларусаў на падставе пратэрмінаваных пашпартоў, бо гэта пагражае рэпрэсіямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі