Падчас абмену палоннымі Украіна перадала Расіі аднаго беларуса

Максім Запека

Максім Запека / Флагшток

Сярод палонных, якіх Украіна 31 студзеня аддала ў Расію, быў беларус, які ваяваў у складзе расійскіх фармаванняў. Гэта Максім Запека, перадае Радыё "Свабода".

"Запеку сёння абмянялі. Як і іншых расійскіх палонных, яго перадалі расійскаму боку", — паведамілі "Свабодзе" ў праекце "Хачу жыць", створаным ва Украіне для расійскіх вайскоўцаў. Іншыя дэталі абмену не паведамляюцца.

Разам з тым украінскі бок кажа, што сярод тых, хто вярнуўся паводле абмену ва Украіну, няма беларускіх добраахвотнікаў, якія трапілі ў расійскі палон.

Раней паведамлялася пра трох грамадзян Беларусі, якія трапілі ў палон да ўкраінцаў. Акрамя Запекі былі яшчэ Андрэй Герыловіч і Максім Зязюльчык.

Запека трапіў у палон у кастрычніку 2023-га пад Бахмутам у Данецкай вобласці. У палоне ён сказаў, што працаваў у Маскве зваршчыкам, а да Расіі быў мулярам у Беларусі. Хлопец заявіў, што ўдзельнічаў у так званым аднаўленні Марыупаля, знішчанага расянамі. А потым яго адправілі падпісваць кантракт на службу ў войску.

"Прыйшла разнарадка, каб мы падпісвалі кантракт. Я быў трэцім з чатырох. Падпісвалі кантракт у Маскве, у абласным ваенкамаце", — расказаў Запека.

Беларус казаў, што падпісаў кантракт на службу ў расійскім войску, бо былі патрэбныя грошы. Па словах Запекі, сваякі кепска паставіліся да яго рашэння ісці служыць у расійскую армію. Таксама ён казаў, што сябры ў Беларусі ўвогуле негатыўна ставяцца да расійскай вайны ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі