Палітвязня Мікалая Дзядка могуць прысудзіць да 5 гадоў калоніі

Мікалай Дзядок / t.me/viasna96
Мікалай Дзядок / t.me/viasna96

Дзяржабвінаваўца папрасіў прысудзіць палітвязня Мікалая Дзядка да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Пракурор Антон Цюменцаў заявіў у судзе, што віна Дзядка цалкам даказаная. Прысуд агучаць 10 лістапада а 10-й гадзіны раніцы.

Працэс над палітвязнем праходзіў у Мінскім гарадскім судзе ў сераду. Пасяджэнне пачалося з затрымкай праз паведамленне аб мініраванні будынка суда. Пазней, калі сапёрныя аперацыі скончыліся, суд прыступіў да працы.

Дзядка абвінавачваюць па трох артыкулах КК. Гэта заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК), удзел у грубым парушэнні парадку (ч. 1 арт. 342 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да гаручых рэчываў (ч. 1 арт. 295-3 КК).

32-гадовага анархіста і палітвязня Мікалая Дзядка затрымалі ў лістападзе мінулага года на канспіратыўнай кватэры ў пасёлку Сасновы ў Асіповіцкім раёне. Праваабаронцы паведамлялі, што пасля затрымання актывіста катавалі: білі дубінкай, электрашокерам білі па пятках, пагражалі згвалтаваннем. У Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі