Палітвязня Мікалая Дзядка паставілі на прафулік як "схільнага да суіцыду"
Мікалай Дзядок / Еўрарадыё
Палітвязня Мікалая Дзядка паставілі на прафулік як "схільнага да суіцыду і членашкодніцтва". Пра гэта паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на сацсетку актывіста.
Новы статус яму прысвоілі на наступны дзень пасля спаткання з бацькам. Па словах Дзядка, на гэты прафулік яго паставілі за тое, што 6 гадоў таму ён "парэзаў рукі і жывот у ШІЗА ў Горках".
У дзяцінстве і падлеткавым узросце яго пакаленне збірала фішкі, маркі і налепкі, адзначае актывіст, а цяпер — прафулікі.
"Засталося яшчэ сем (усяго 10 катэгорый) — і будзе поўны камплект. Толькі для гэтага трэба будзе пачаць збіраць абшчак і гуляць у азартныя гульні", — іранізуе Мікалай Дзядок.
Яго затрымалі ў лістападзе 2020 года. Пры затрыманні моцна збілі. У матэрыялах крымінальнай справы зафіксавана, што ў Дзядка былі шматлікія сінякі. Абвінавачванне яму выставілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342); у закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (арт. 361); а таксама ў незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт. 295-3).
Дзядок не прызнаў віну ні па адным з выстаўленых яму абвінавачванняў.
Тым не менш у лістападзе гэтага года суд асудзіў яго на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.