Палітзняволеная Наталля Хершэ спыніла галадоўку пратэсту
Грамадзянка Швейцарыі і беларуская палітзняволеная Наталля Хершэ спыніла галадоўку ў магілёўскай турме. Пра гэта паведаміў яе брат Генадзь Касьян, які атрымаў ад сястры тэлеграму.
Галадоўку Хершэ аб'явіла 30 студзеня. Яна пратэставала супраць неабходнасці слухаць беларускае радыё з раніцы да позняга вечара (гук у камеры ўключалі на максімальную гучнасць). Канфлікт нібыта залагоджаны.
Наталля Хершэ — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. У снежні 2020-га яна была асуджана ў Мінску на 2,5 года калоніі строгага рэжыму за супраціў супрацоўніку міліцыі падчас вулічнай акцыі — на адным з жаночых маршаў жанчына сарвала балаклаву з амапаўца. У судзе Хершэ не прызнала сваёй віны. У далейшым яна адмаўлялася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Восенню 2021-га пакаранне Наталлі Хершэ зрабілі больш жорсткім — яе перавялі ў мужчынскую турму ў Магілёве.
Улады Швейцарыі дамагаюцца вызвалення сваёй грамадзянкі, але пакуль няўдала. Нядаўна стала вядома, што Швейцарыя мае намер усё ж адправіць новага амбасадара ў Беларусь, і ён адразу ж яе наведае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.