Палітзняволеная Наталля Хершэ абвясціла галадоўку

Наталля Хершэ
Наталля Хершэ

Грамадзянка Швейцарыі і беларуская палітзняволеная Наталля Хершэ абвясціла галадоўку, паведамляюць праваабаронцы. Цяпер яна знаходзіцца ў турме Магілёва. 

Пра галадоўку і яе прычыны расказаў брат Наталлі Генадзь. Жанчына пратэстуе супраць неабходнасці слухаць беларускае радыё з раніцы да позняга вечара. Прычым гук у камеры ўключаюць на максімальную гучнасць.

"Яна ўвесь час у камеры, акрамя прагулкі на гадзіну, і для яе гэтае радыё невыноснае. Наталля прасіла яго прыцішыць або выключыць, але не атрымала станоўчага адказу", — расказаў Генадзь. У выніку ў нядзелю 30 студзеня Наталля абвясціла галадоўку.

Па словах брата, да гэтага часу ціску ў магілёўскай турме на Наталлю не было. Аднак у мінулую сераду ў яе быў адвакат. І жанчына папрасіла яго аформіць некалькі скаргаў — у тым ліку на якасць харчавання і немагчымасць весці дзённік.

"Ёй нават не дазволілі купіць сшытак у краме! Яшчэ ў камэры вельмі холадна, Наталля сядзіць у фуфайцы. Пры пераводзе з калоніі ў турму дзесьці "згубіліся" яе цёплыя боты", — расказаў Генадзь.

У выніку на прагулкі Наталля ходзіць у цёплых шкарпэтках і красоўках. Ёсць і праблемы з дастаўкай лістоў. Не ўсе яны даходзяць. Не выключана, што ціск мог узмацніцца пасля яе размовы з адвакатам і аформленых скаргаў, мяркуе Генадзь.

Наталля Хершэ — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. У снежні 2020 года ёй прысудзілі 2,5 гадоў калоніі строгага рэжыму за супраціў супрацоўніку міліцыі. Падчас аднаго з жаночых маршаў Наталля сарвала балаклаву з амапаўца. У судзе жанчына не прызнала сваёй віны. Пазней ёй тройчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Усе тры разы яна адмаўлялася. Мінулай восенню пакаранне Наталлі Хершэ зрабілі больш жорсткім — яе перавялі ў мужчынскую турму ў Магілёве.

Швейцарскія ўлады настойваюць на вызваленні сваёй грамадзянкі. На днях стала вядома, што Швейцарыя мае намер усё ж адправіць амбасадара ў Беларусь. І адным з матываў такога рашэння было тое, што дыпламат на месцы зможа ў большай ступені дапамагчы Наталлі Хершэ, патлумачылі ў МЗС краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі