Швейцарыя вырашыла накіраваць амбасадара ў Беларусь — СМІ

Пасольства Швейцарыі ў Беларусі​ / mfa.gov.by
Пасольства Швейцарыі ў Беларусі​ / mfa.gov.by

Швейцарыя мае намер накіраваць у Мінск новага пасла. Дыпламат гатовы ўручыць Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы, пра гэта паведамляе швейцарская газета Der Bund. Выданне называе  і імя дыпламата — Крысціне Хонегер-Залатухін.

Выданню таксама стала вядома, што пасол прыступіць да сваіх абавязкаў у Беларусі "у бліжэйшыя тыдні". І ўручыць свае даверчыя граматы "кіраўніку дзяржавы, як гэта прынята ў дыпламатычнай практыцы большасці краін". У Берне гэтае рашэнне тлумачаць у тым ліку і інтарэсамі палітзняволенай  грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Херше. Пытанне аб яе вызваленні застаецца на парадку дня.

Нагадаем, раней Ізраілю ўдалося дамагчыся вызвалення сваёй грамадзянкі Маі Райтэн-Столь. Яе затрымалі ў мінскім аэрапорце ў лістападзе 2021 года. У багажы ў яе знайшлі пакецік марыхуаны. Дазвол на прэпарат у жанчыны быў. Аднак у Беларусі гэтыя дакументы не прынялі. 27 снежня адбылася тэлефонная размова паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам Ізраіля Іцхаком Герцагам, у ходзе якога абмяркоўваліся "гуманітарныя пытанні". А 30 снежня Мая Райтэн-Столь вылецела на радзіму.

Таксама нагадаем, што шэраг еўрапейскіх дыпламатаў у мінулым годзе адмовіліся ўручаць даверчыя граматы Алекасндру Лукашэнкі. У ЕС яго не прызнаюць легітымным лідэрам. На цырымонію, у прыватнасці, не прыйшлі паслы Францыі, Грэцыі, Люксембурга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі