Палітзняволеную Дар'ю Лосік пачнуць судзіць 18 студзеня
Дар'я Лосік / Скрыншот з відэа
Палітзняволеную Дар'ю Лосік пачнуць судзіць 18 студзеня. Крымінальная справа будзе разглядацца ў Брэсцкім абласным судзе (суддзя — Мікалай Грыгаровіч), піша @prisoners_spring96.
Дар'я Лосік — жонка палітвязня Ігара Лосіка, які знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года. У снежні 2021-га яго судзілі ў Гомелі разам з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам. Блогер атрымаў 15 гадоў зняволення.
Дар'ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022-га ў Баранавічах. Ад таго часу яна за кратамі. Яе абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" — інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат", які ў РБ прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем".
Маленьская дачка Ігара і Дар'і цяпер знаходзіцца ў бабулі з дзядулем.
Як піша Радыё Свабода, Ігару Лосіку не дазваляюць ліставацца з жонкай Дар’яй, пакуль яна знаходзіцца ў СІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.