Палкоўнік запасу Паўлічэнка фармуе "мабільныя групы" з былых спецназаўцаў
Палкоўнік запасу Дзмітрый Паўлічэнка фармуе "мабільныя групы" з былых спецназаўцаў, піша sb.by. Гэта ініцыятыва намесніка міністра ўнутраных спраў, камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова. У суботу ў в/ч 3214 ён удзельнічаў у нарадзе актыву Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС "Честь" (Паўлічэнка — старшыня яе Савета). "Мабільныя групы" з ветэранаў спецназу ствараюцца "у мэтах аховы грамадскага парадку ў дні правядзення рэспубліканскага рэферэндума", а таксама мусяць ахоўваць сем'і вайскоўцаў і членаў выбарчых камісій.
Дзмітрый Паўлічэнка прыгадвае выпадкі, калі раней ветэраны спецназу прыцягваліся для дапамогі сілавым структурам. Восенню 1999-га каля 100 чалавек спынялі нейкія беспарадкі ў Мінску. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года задзейнічалі ўжо каля 300 чалавек, у 2006-м — каля 600! Лічбу ветэранаў спецназу, якія ўдзельнічалі ў жніўні 2020-га ў падаўленні пратэстаў, палкоўнік не назваў, адзначыў толькі, што гэта была "большасць членаў... арганізацыі". І яны сталі побач "з АМАПам, спецназам, міліцыяй".
У бліжэйшы час у сталіцы і ў рэгіёнах пройдуць "міні-вучэнні і трэніроўкі" ўдзельнікаў "мабільных груп" (іх узрост ад 20 да 50 гадоў). "Мы будзем дзейнічаць у Мінску, абласных і некаторых раённых цэнтрах — дакладна па ўказанні супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся на пастаяннай сувязі з імі", — кажа Дзмітрый Паўлічэнка.
Паўлічэнка — фігурант заходніх "чорных спісаў", яго падазраюць у дачыненні да знікнення ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.