Партрэт міністра Шуневіча неслі на гей-прайдзе ў Стакгольме
Партрэт міністра ўнутраным справаў Ігара Шуневіча пранеслі ўдзельнікі гей-прайду ў Стакгольме. Як паведамляе Радыё Свабода, беларусы Швецыі прымалі ўдзел у гэтай імпрэзе. Апроч выявы кіраўніка МУС Беларусі, яны неслі расцяжку з надпісам “Лепей быць геем, чым дыктатарам”.
Гэтым лозунгам яны рабілі адсылку да выказванняў Аляксандра Лукашэнкі, які ў 2012 годзе заявіў, што “лепей быць дыктатарам, чым блакітным”. Тады супраць афіцыйнага Мінска ўвялі санкцыі, лабістам якіх быў тагачасны міністр замежных справаў Нямеччыны Гвіда Вестэрвэле, адкрыты гей.
Ведамства Ігара Шуневіча на сваім афіцыйным сайце змяшчала артыкул з яскрава гамафобскім пасылам, у якім называла прадстаўнікоў ЛГБТ-руху падробкай і заяўляла пра сваю прыхільнасць традыцыйным каштоўнасцямі. Пасля гэтага партрэт Шуневіча пранеслі на прайд-парадзе ў амерыканскім Луісвіле.