Пашыраны пералік ВНУ, куды выпускнікі ліцэяў могуць паступаць без іспытаў
БНТУ
Міністэрства адукацыі пашырыла колькасць ВНУ, у якія выпускнікі ліцэяў могуць паступаць без іспытаў. Цяпер такіх ВНУ пяць: БДУ, БНТУ, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава і Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Пералік пашырылі за кошт БНТУ і Віцебскага дзяржуніверсітэта.
У пастанове таксама пералічаны спецыяльнасці, на якія гэтая пастанова не распаўсюджваецца. Здаваць экзамены ліцэістам давядзецца, калі яны хочуць паступіць на "Міжнародныя адносіны", "Міжнароднае права", "Правазнаўства", "Эканамічнае права", "Дзяржаўнае кіраванне і права", "Усходазнаўства". Экзамены прадугледжаны і на спецыяльнасцях, дзе профільнымі іспытамі з'яўляюцца "Творчасць", "Фізічная культура і спорт".
У канцы мінулага года аб намеры пашырыць пералік ВНУ, куды ліцэісты могуць паступаць без іспытаў, казаў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Паводле яго слоў, у ведамстве разлічваюць, што колькасць такіх абітурыентаў павялічыцца прыкладна ў паўтара-два разы. Каб стаць студэнтам ВНУ без уступных іспытаў, ліцэісту трэба мець атэстат з ацэнкамі не ніжэйшымі за 8, а па профільных прадметах – не ніжэйшымі за 9.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.