Пасля пагроз ГУБАЗ кампанія "Мегатоп" спешна выдаліла з сацсетак сваю рэкламу
Скрыншот рэкламнага роліка сеткі крам "Мегатоп"
Сетка крамаў абутку "Мегатоп" паспешліва выдаліла з сацсетак рэкламу, у якой кампанію рэкламаваў мужчына ў жаночым адзенні. Гэта была пародыя на серыял "Сэкс у вялікім горадзе". На відэа барадаты мужчына ў ружовым адзенні і ў парыку пад музыку з серыяла бег па Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску, як бы парадзіруючы гераіню Кэры Брэдшоў. "Мы ведаем, дзе знайсці вашу пару мары", быў падпісаны пост.
У ГУБАЗіК палічылі, што "гумар гумарам, але гэта цягне на ЛГБТ-прапаганду". Праз свае сацсеткі яны звярнуліся да "кампетэнтных органаў, у зоне адказнасці якіх знаходзіцца гэтая арганізацыя".
"Не даводзьце да граху, каб і за гэтую справу давялося брацца ГУБАЗу", — напісалі сілавікі. Пасля гэтага запісу ролік знік. Нагадаем, у чэрвені Генпракуратура анансавала, што збіраецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць за ЛГБТ-прапаганду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.