У Беларусі рыхтуюць закон, які будзе караць за "прапаганду ЛГБТ і чайлдфры"
За "прапаганду ЛГБТК і чайлдфры" ў Беларусі плануюць караць
У Беларусі з ініцыятывы Генпракуратуры распрацоўваецца закон аб адміністрацыйнай адказнасці за "прапаганду нетрадыцыйных адносін". Пра гэта на прэс-канферэнцыі 12 верасня паведаміў старшы пракурор аддзела па наглядзе выканання заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Раман Сідарэнка.
Па яго словах, у законапраекце будзе прапісаная адміністрацыйная адказнасць за прапаганду ЛГБТК, змену полу і чайлдфры.
Ужо сёлета ў школах плануецца ўводзіць навучальныя праграмы і заняткі "Асновы сямейнага жыцця". Па словах пракурора, весці заняткі будуць спецыялісты "з высокімі маральнымі якасцямі". Гэты курс, як мяркуе пракурор, "дазволіць абараніць дзіця ад магчымых злачынных дзеянняў і нівеліраваць намаганні асобных заходніх краін па пагібельнай прапагандзе нетрадыцыйных сексуальных адносін, змены полу, педафіліі і чайлдфры".
Раней у Генпракуратуры казалі, што Лукашэнка падтрымаў увядзенне адказнасці за прапаганду ЛГБТК і чайлдфры, а таксама з'яўленне новага навучальнага курсу.
Падчас свайго сёлетняга паслання ў сакавіку Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў абвясціць па-за законам ідэалогію чайлдфры — свядомае нежаданне мець дзяцей. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла, што гэта "не нашы традыцыйныя каштоўнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.