Крымінальную адказнасць за звесткі аб руху войскаў увялі ў Беларусі

Вайсковы эшалон, ілюстрацыйнае фота

Вайсковы эшалон, ілюстрацыйнае фота / Мінабароны Беларусі

У Крымінальны кодэкс унеслі новы артыкул 375-3 — "Несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, вайсковай тэхнікі ды боепрыпасаў". Ён прадугледжвае пакаранне ад штрафу да шасці гадоў зняволення.

З'яўленне гэтага артыкула ў Крымінальным кодэксе звязанае з вайной Расіі супраць Украіны, упэўнены праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка.

"Увядзенне такога складу звязана з вайной ва Украіне і накіраванае на пашырэнне рэпрэсій супраць тых, хто дзеліцца звесткамі аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Але чалавек мог проста выпадкова сфоткаць вайсковы цягнік і падзяліцца здымкам з сябрамі, а цяпер сядзе ў турму", — цытуе Радыё Свабода яго словы.

Судаленка адзначае, што раней за тыя ж дзеянні ўлады пераследавалі беларусаў з дапамогай артыкулаў аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасьці ці ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Ужываўся нават артыкул 356 КК аб здрадзе дзяржаве, за што прадугледжана зняволенне на 15 гадоў для цывільных ці 20 гадоў для вайскоўцаў.

На думку Судаленкі, увядзенне новага артыкула дазволіць рэжыму пашырыць рэпрэсіі. За адно фота могуць судзіць адразу па некалькіх артыкулах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.