"Няясна, куды саджаць, давайце расстраляем": як у Беларусі цкуюць ЛГБТК+ (18+)
Сілавік адбірае ў людзей вясёлкавы сцяг / AFP / Getty Images
У беларускіх месцах зняволення і часовага ўтрымання працягваюць катаваць людзей. Адна з груп, якая аказваецца пад вялікай рызыкай — ЛГБТК+ ці проста людзі, якія выглядаюць "не так, як усе". Сілавікі надаюць ім "асаблівую ўвагу", якія праяўляецца ў абразах, зневажанні, збіцца і згвалтаваннях.
— Мы цябе там ўпяцёх вы*бем, потым я патэлефаную тваёй жонцы, каб яна прыехала цябе забрала, мы яе вы*бем пры табе і паглядзім, што ты пасля гэтага будзеш нам расказваць, — так размаўляюць сілавікі з персонамі ЛГБТК+. Улічваючы стаўленне дзяржавы да ЛГБТ+-супольнасці і ціск грамадства, гэтыя людзі з'яўляюцца яшчэ больш уразлівымі, чым іншыя ахвяры беззаконня ў Беларусі.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі разам з "Прававой ініцыятывай" падрыхтавалі справаздачу "Катаванні людзей ЛГБТК+ і гамафобная палітыка рэжыму". Звесткі сабраныя паводле матэрыялаў Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў і праваабарончага цэнтра "Вясна".
Еўрарадыё сабрала галоўнае са справаздачы.
Палітыка дзяржавы: “Лепш быць дыктатарам, чым блакітным”
Гамафобія і гамафобныя паводзіны распаўсюджаныя ў Беларусі даўно, прычым на дзяржаўным узроўні. Аляксандр Лукашэнка рэгулярна выказваецца пра гомасексуалаў і лічыць, што "лепш быць дыктатарам, чым блакітным". Гэтыя словы ў 2012 годзе ён адрасаваў міністру замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле. Чаго тады чакаць людзям ЛГБТ+ у Беларусі? Практыка паказвае, што поўнай неабароненасці і пагрозы жыццю і здароўю.
Пасля выбараў 2020 года ціск на ЛГБТ+-супольнасць узмацніўся. Улады пачалі выкарыстоўваць гэта для прапаганды.
На "пакаянных відэа" пасля катаванняў людзей прымушаюць казаць пра сваю сексуальную арыентацыю. Напрыклад, у 2022 годзе затрыманы за падтрымку Украіны Ігар Каролік у такім відэа абражае сябе і на крымінальным жаргоне "прызнаецца" ў гомасексуальнай арыентацыі. Тытрамі на відэа вялікімі чырвонымі літарамі напісана "ГУБАЗ не пацярпіць пеўневай-фашысцкай брыды на сваёй зямлі..."
У беларускіх законах няма нічога пра дыскрымінацыю паводле прыкметы сексуальнай арыентацыі. Таму пасля зачысткі грамадзянскай супольнасці ў ЛГБТК+ не засталося інструментаў абароны ні ад дыскрымінацыі на вуліцы, ні ад нападак дзяржавы.
Усё гэта падмацоўвае тое, што людзі з ЛГБТК+-супольнасці знаходзяцца ў яшчэ большым страху і небяспецы. Сілавікі выкарыстоўваюць супраць іх гвалт не толькі за колер і даўжыню валасоў, пазногцяў. Зневажаюць, абражаюць і ўжываюць фізічную сілу за адзенне і асабістую перапіску, змесціва сумак. Затрыманыя сутыкаліся з вымушаным камінг-аўтам і больш жорсткім стаўленнем, калі раскрывалася, што яны "не такія".
Паводле слоў незаконна затрыманых, абразы, гаворка з матам праз слова — звычайная форма камунікацыі сілавікоў. Часта выкарыстоўваюцца такія словы, як "петушня", "петушары", "підары", "педзікі".
— "Незразумела, куды саджаць [стаўленне да трансперсоны], давайце выведзем у двор і расстраляем". Некалькі разоў гэта было паўторанае, што такіх сук, як я, яны трымаць у сябе не будуць: "У двор — і расстраляць", "У двор — і расстраляць", па некалькі разоў.
Аблічча, якое моцна вылучаецца, для прадстаўнікоў цяперашняга рэжыму ў Беларусі — гэта апраўданне і вызваленне ад адказнасці, калі чалавеку была нанесеная шкода.
Праваабаронцам вядомы выпадак, калі пасля затрымання хлопцу не далі адпаведны абутак праз макіяж:
— ...яны сказалі, што яму прынясуць толькі жаночыя туфлі. Прынеслі жаночыя туфлі і не далі яму абутку.
Часцяком, калі сілавікам здавалася, што чалавек з ЛГБТК+, у дачыненні да яго адразу выкарыстоўваліся пагрозы сексуалізаванага гвалту:
— Ты петушара, мы цябе зараз у ж*пу вы*бем.
— Я сядзеў на крэсле, ён [сілавік] стаў побач са мной, паклаў мне руку на шыю, пачаў мяне гладзіць па шыі і твары, і кажа "ты такі хлопчык прыгожы, у нас тут такіх любяць". "Цяпер, — кажа, — я цябе завяду ў іншы пакой. Мы цябе там ўпяцёх вы*бем, потым я патэлефаную тваёй жонцы, каб яна прыехала цябе забрала, мы яе вы*бем пры табе і паглядзім, што ты пасля гэтага будзеш нам расказваць, казаць, адмаўляць і, у прынцыпе, паглядзім, як ты сябе будзеш паводзіць у гэтых абставінах".
“Забаўляйцеся, хлопцы, вы сёння можаце рабіць, што хочаце”
Здзекаваннямі і пагрозамі сілавікі не абмяжоўваюцца, кажуць пацярпелыя:
— ...мяне ўсё білі, бо нейкі дзядзька гадоў 40+ зайшоў у аўтазак і казаў: "О, забаўляйцеся, хлопцы, вы сёння можаце рабіць, што хочаце". Пасля гэтага мяне хацелі згвалціць: "О, давайце яго згвалцім дубінкай!" У мяне былі пафарбаваныя пазногці ў чорны колер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.