Чайлдфры — гэта не для беларусаў, лічыць Наталля Качанава
Наталля Качанава — змагарка супраць чайлдфры / t.me/sovrep/24637
Кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава выказалася пра чайлдфры — субкультуру, ідэалогію, якую характарызуе свядомае жаданне не мець дзяцей. Яна кажа, што "традыцыйная беларуская каштоўнасць" — гэта "сям'я, якая выхоўвае дзяцей".
"Гэта правільна, — цытуе словы Качанавай sb.by. — Усё астатняе — гэта прыдуманыя павевы і плыні, якія цяпер актыўна прапагандуюцца ў іншых краінах. Але гэта не для нас. Гэта не для Беларусі і не для беларусаў".
Наталля Качанава дадае, што "цяпер шмат розных ідэй, але гэта не нашы традыцыйныя каштоўнасці".
У Савеце Рэспублікі разам з Беларускай Праваслаўнай Царквой збіраюцца правесці "вельмі маштабнае мерапрыемства, прысвечанае сямейным каштоўнасцям". "На жыццёвых прыкладах хочам паказаць, якая асноўная місія чалавека на зямлі, — працягвае змагарка супраць чайлдфры Качанава. — Зразумела: гэта працяг роду чалавечага, таму што без чалавека развіццё жыцця проста немагчыма".
У Беларусі збіраюцца прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду чайлдфры. Пра гэта ў чэрвені заявіў генпракурор Андрэй Швед. Яшчэ раней пачалі прызнаваць "экстрэмісцкімі" чайлдфры-суполкі.
У адным з выпускаў праграмы Gender Gap з даследчыцай Ірынай Сідорскай у эфіры Еўрарадыё абмяркоўвалася пытанне, чаму Аляксандр Лукашэнка зноў лезе ў асабістае жыццё беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.