"Паспалітае рушэнне" не плануе сілавы захоп улады ў Беларусі
Эмблема "Паспалітага рушэння"
"Паспалітае рушэнне" ніколі не планавала сілавы захоп улады ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве ініцыятывы.
Прадстаўнікі ініцыятывы ў сваім тг-канале абвяргаюць звесткі, быццам яны планавалі тэракты на тэрыторыі Беларусі.
У заяве гаворыцца, што "Паспалітае рушэнне" — гэта грамадскае аб'яднанне беларусаў за мяжой, якое ставіць перад сабой задачы маральнага, гістарычнага і фізічнага выхавання беларусаў, а таксама захавання народных традыцый.
"Нашай мэтай не з'яўляецца сілавы захоп улады ў Беларусі. Мы ніколі не планавалі тэракты, або ўварвання ў Беларусь, тым больш з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Мы не парушаем законы дэмакратычных краін і не плануем ніякіх супрацьпраўных дзеянняў", — падкрэсліваюць аўтары заявы.
Паводле іх, усялякія дзеянні ад імя арганізацыі, накіраваныя на сілавы варыянт у дачыненні да трэціх краін, будуць лічыць правакацыяй беларускіх спецслужбаў.
Напрыканцы красавіка ў СМІ з'явіўся сакрэтны ліст прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне Валерыя Сахашчыка. У дакуменце сцвярджалася, быццам беларускія арганізацыі за мяжой, звязаныя з "Паспалітым рушэннем" і "Ліцвінамі", рыхтуюць атаку беспілотнікаў на аб'екты крытычнай інфраструктуры Беларусі. Паводле Сахашчыка, гэтую інфармацыю ён атрымаў ад крыніц у еўрапейскіх спецслужбах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.