Паўла Севярынца прызналі "схільным да нападу на адміністрацыю"

Павел Севярынец / Еўрарадыё
Павел Севярынец / Еўрарадыё

Палітвязня Паўла Севярынца прызналі "схільным да нападу на адміністрацыю", паведаміла ў Facebook ягоная жонка Вольга.

"Паўлу Севярынцу дадалі яшчэ адну "медальку" — прызналі схільным да нападу на адміністрацыю", — напісала яна.

Цяпер падчас перамяшчэння па-за камерай ён павінен знаходзіцца ў кайданках. "Нічога нечаканага, як кажуць, але прыемнага мала", адзначыла Вольга.

Яна таксама распавяла, што на праверках, калі трэба назваць імя і артыкул, які ставяць у віну, Павел нязменна адказвае "незаконна асуджаны Севярынец". Яму пагражаюць карцэрам, але "я ведаю, што ён не перастане", кажа Вольга.

Севярынец знаходзіцца ў зняволенні з чэрвеня 2020 года. На мінулым тыдні — 12 мая — у Магілёве пачаўся суд па яго справе. Разам з ім судзяць Дзмітрыя Казлова, Ірыну Шчасную, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча. Севярынца вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Справу разглядаюць у закрытым рэжыме — нават сваякам не дазволілі прысутнічаць на працэсе.

Ля будынка суда ў першы дзень працэсу сабраліся каля 40 чалавек, але іх не прапусцілі ўнутр. Частку, ў тым ліку журналістаў Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча, затрымалі і пазней асудзілі, пакаралі арыштам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі