Павел Латушка стаў лаўрэатам адноўленай прэміі "Салідарнасць" імя Леха Валенсы

Павел Латушка / Еўрарадыё
Павел Латушка стаў лаўрэатам адноўленай сёлета прэміі "Салідарнасць" імя Леха Валенсы. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Узнагароду ўручаць на ўрачыстай цырымоніі ў Варшаве 18 верасня ў Варшаве. Прысудзіць прэмію Латушку прапанаваў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Прэмія "Салідарнасць" прысуджаецца польскім МЗС як прызнанне заслуг у прасоўванні і падтрымцы дэмакратычных каштоўнасцей. Сёлета рашэнне было прынята аднагалосна капітулай, у якой старшынствуе лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лех Валенса і ў склад якой уваходзяць міністры замежных спраў, юстыцыі, культуры Польшчы, старшыня Польскага Хельсінкскага фонду правоў чалавека і старшыня фонду "Інстытут Леха Валенсы".
Каментуючы гэтае рашэнне, Павел Латушка назваў яго важным палітычным мэсэджам з боку Польшчы аб стратэгічнай падтрымцы дэмакратычных памкненняў беларусаў, адзначае прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета.
"Гэта вялікі гонар, але гэта і вялікая адказнасць. Важна, што яе з намі гатовы падзяляць нашы партнёры, нашы саюзнікі. Мы змагаемся з дыктатурай, мы змагаемся за Беларусь і мы не адны", — падкрэсліў Латушка.
У 2014 годзе лаўрэатам прэміі стаў Мустафа Джамілёў — лідар барацьбы за правы крымскіх татараў, якога неаднаразова вылучалі на Нобелеўскую прэмію міру. У 2015 годзе прэмію атрымала журналістка Жанна Нямцова — старэйшая дачка расійскага апазіцыянера Барыса Нямцова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.