Польшча толькі за 2022 год прыняла 70 тысяч беларусаў
Уцёкі ў вольны свет / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Польшча толькі за 2022 год прыняла 70 тысяч беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Яны атрымалі гуманітарныя візы або міжнародную абарону. Як паведамляе pap.pl, такую лічбу назваў намеснік кіраўніка МУС Польшчы Мацей Вонсік.
Таксама ён падкрэсліў, што 377 прадстаўніком рэжыму ўнесеныя ў польскі санкцыйны спіс. Сярод іх пракуроры, вайскоўцы, спартсмены, чыноўнікі, дэпутаты. Ім забаронены ўезд у Польшчу, а тым, хто меў рахункі ў банках, замарозілі сродкі.
Таксама Польшча працуе над тым, каб уключыць у санкцыйны спіс беларускія транспартныя кампаніі, зарэгістраваныя ў Польшчы. А пакуль на мяжы прыпынены рух грузавікоў і прычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі або Расіі.
"Хутка паступяць еўрапейскія санкцыі, і мы іх рэалізуем урадавым актам, які ўжо ўнесены ў Сейм з самастойнымі папраўкамі, каб цалкам закрыць магчымасць расійскага і беларускага транспарту па ўсім Еўрасаюзе. Гэта будзе вельмі важны эканамічны крок, які, вядома, умацуе наш транспарт, таму што гэта даволі вялікі канкурэнт", — сказаў Вонсік.
Істотны рост беларускай эміграцыі адбыўся пасля жніўня 2020-га. На лета 2022-га ў Польшчы жыло ўжо больш за 50 тысяч беларусаў з відам на жыхарства. Летась амаль 3 тысячы беларусаў атрымалі польскае грамадзянства. І беларусы працягваюць бегчы з РБ за мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.