Працэдуры вызвалення беларускіх палітвязняў ідуць іншым шляхам — Сікорскі
Анджэй Пачобут / БЕЛТА
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў пятніцу адказаў на пытанне, чаму падчас маштабнага абмену зняволенымі паміж Захадам і Расіяй не вызвалілі беларускага палітвязня Анджэя Пачобута. "Я хацеў бы запэўніць вас, што працэдуры вызвалення іншых палітвязняў, беларускіх палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, ідуць іншым шляхам, — цытуе словы Сікорскага tvn24.pl. — Гэта ў маіх думках кожны дзень".
Як вядома, падчас абмену ў Расію вярнуўся арыштаваны ў Польшчы ў 2022 годзе расійскі разведчык Павел Рубцоў. Варшаву аб гэтым прасіў Вашынгтон.
Анджэй Пачобут — адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў "распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце" — так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у "закліках да санкцый" і ў "распальванні сацыяльнай варожасці". КДБ РБ дадаў яго ў “Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. Палітвязню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.
Пра тое, што Польшча і Беларусь вядуць перамовы пра вызваленне Анджэя Пачобута, было вядома раней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.