Прадалі 30 токенаў з 10 тысяч: як беларускія заводы асвойваюць ICO

Інвестыцыі праз токены збіраюць і МАЗ, і хлебазавод / Еўрарадыё
Інвестыцыі праз токены збіраюць і МАЗ, і хлебазавод / Еўрарадыё

23 сакавіка МАЗ выпусціў у абарачэнне токены на $2 млн. Усяго было размешчана 20 тысяч токенаў коштам $100 кожны. Працэнтная стаўка па іх — 6% гадавых.

Гэта ўжо другое ICO, якое прадпрымае МАЗ. Здавалася б, як могуць быць звязаны навамодныя токены і старажыл беларускай прамысловасці? Еўрарадыё вырашыла вывучыць пытанне — і аказалася, што МАЗ не адзін такі. Расказваем, якія беларускія кампаніі таксама выпускаюць токены, навошта і што з гэтага атрымліваецца.

 

Што наогул за токены?

Токен кампаніі — гэта адзінка ўліку, прызначаная для адлюстравання лічбавага балансу ў нейкім актыве. Іншымі словамі, гэта тая ж каштоўная папера, толькі лічбавая. Токены падобныя з аблігацыямі: пасля іх куплі інвестарам кампанія атрымлівае сродкі, за карыстанне якімі плаціць працэнты. А калі тэрмін абарачэння заканчваецца, кампанія вяртае грошы інвестару.

Здзелкі па токенах можна аформіць у электроннай форме, а працэнтная стаўка па іх звычайна вышэйшая, чым па банкаўскіх укладах або аблігацыях. Для прадпрыемстваў гэта яшчэ адзін спосаб прыцягнуць грошы, што ў Беларусі бывае няпроста.

 

Навошта МАЗу токены?

Продали 30 токенов из 10 тысяч: как белорусские заводы осваивают ICO
МАЗ на ралі / maz.by

У White paper да свежага выпуску МАЗа гаворыцца, што "асноўнай мэтай прыцягнення рэсурсаў у рамках гэтага ICO ёсць фінансаванне спартыўнай каманды "МАЗ-СПОРТаўта".

— У планах каманды ўдзел у найбуйнейшых міжнародных спаборніцтвах, такіх як "ДАКАР", "Шаўковы шлях", "Золата Кагана", "Сімбірскі тракт", — паведамляецца ў прэс-рэлізе Finstore.by, інвестыцыйнай пляцоўкі, на якой ажыццёўлены выпуск токенаў.

Да 25 сакавіка было прададзена 11 токенаў.

Магчыма, гэты факт вас здзівіць, але гэта ўжо другое размяшчэнне токенаў МАЗа на Finstore.by. Першы выпуск адбыўся ў лістападзе 2019 года. Было выпушчана токенаў на $3 мільёны пад 5,5% гадавых з тэрмінам абарачэння тры гады. З іх выкупілі токенаў на $521 тысячу, або 17% ад агульнага аб'ёму эмісіі. Токены МАЗа набылі 68 інвестараў.

У White paper да першага выпуску МАЗа, які ўжо завершаны, напісана, што рэалізацыя праекта дасць магчымасць забяспечыць фінансаванне бягучай дзейнасці, павялічыць загрузку вытворчых магутнасцяў, стварыць дадатковыя рабочыя месцы.

 

Хто яшчэ ў Беларусі размяшчае токены?

Продали 30 токенов из 10 тысяч: как белорусские заводы осваивают ICO
Прапановы на Finstore.by / Еўрарадыё

Вытворчыя прадпрыемствы былі першымі, хто з'явіўся на пляцоўцы. Гэта былі "Белвест" і МАЗ.

"Белвест" размясціў два выпускі. На 5 мільёнаў еўра з даходнасцю 5,15% гадавых. І на 65 мільёнаў расійскіх рублёў, прапанаваўшы 9% гадавых. Тэрмін продажу гэтых токенаў ужо скончыўся. Па звестках Finstore.by, з лістапада 2019 да лістапад 2020 года токенаў "Белвеста" купілі на 1,2 мільёна еўра і 29,8 мільёна расійскіх рублёў (23% і 45% ад агульнага аб'ёму эмісіі). Усе гэтыя грошы ўклалі 152 інвестары.

— Інвестарамі выступілі прыватныя інвестары — рэзідэнты Беларусі, — расказвае кіраўнічы дырэктар Finstore.by Дзмітрый Шадко. — Мы мяркуем, з улікам перыяду, на які прыйшлося размяшчэнне, — гэта добры вынік. Пасля лета іх стаўкі [МАЗа і "Белвеста". — Еўрарадыё] сталі неканкурэнтнымі.

Цяпер нармальнымі лічацца стаўкі па 8% для долара і еўра, 9% — для расійскага рубля. З беларускім рублём больш складана — занадта маленькая выбарка. З 49 выпускаў на пляцоўцы толькі пяць — рублёвыя.

Сярод тых, хто размясціў токены, шмат лізінгавых кампаній. Шмат у чым стваральнікі платформы разлічвалі менавіта на фінансавыя арганізацыі, бо прыцягненне сродкаў закладзена ў іх бізнес-мадэлі.

 

У банках непад'ёмныя ўмовы

Продали 30 токенов из 10 тысяч: как белорусские заводы осваивают ICO
Кампаніі шукаюць альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання / Reuters

Аператыўна даведацца падрабязнасці пра тое, навошта вытворчыя прадпрыемствы ідуць на Finstore.by, не ўдалося. Затое нам расказалі пра гэта на "Хлебазаводзе №10". Тое, што гэта прадпрыемства прыйшло на Finstore.by, здзівіла нават прадстаўнікоў самой платформы.

Завод зрабіў цэлыя тры выпускі: 5 тысяч токенаў наміналам $100 па стаўцы 7,5% гадавых (8% выкуплена), 6 тысяч токенаў коштам $50 па стаўцы 9,5% (20% ужо раскупілі) і 5 тысяч токенаў наміналам 100 еўра пад 9,5% гадавых (56% выкуплена).

— А які іншы інструмент фінансавання можна выбраць, калі мы абышлі ўсе банкі і ў кожным нейкія невыканальныя ўмовы? Навошта наогул у краіне банкі, калі іх паслугамі ніхто не можа скарыстацца? Толькі абмежаванае кола асоб па чыёйсьці ўказцы, а ўсе астатнія — не, — расказвае Еўрарадыё заснавальнік прадпрыемства.

Ён адзначае, што інвестыцыі прыходзяць не так хутка, як хацелася б. Хоць па прадавальнасці токены хлебазавода знаходзяцца дзесьці пасярэдзіне іншых прапаноў.

Цікавімся, ці не складана плаціць такія вялікія адсоткі. Бо токены намінаваныя ў валюце.

— Складана з такімі стаўкамі працаваць, але, на жаль, рынак дыктуе. А вы паглядзіце прапановы лізінгавых кампаній. Стаўкі непад'ёмныя. Мы не маглі зразумець адкуль. Калі мы ўбачылі, што там [на "Фінсторы". — Еўрарадыё] асноўныя лізінгадаўцы, мы вырашылі скарыстацца пляцоўкай самі.

У хлебазавода атрымалася закупіць на прыцягнутыя сродкі абсталяванне. Цяпер яно паступова ўводзіцца ў эксплуатацыю.

 

30 токенаў з 10 тысяч — так сабе поспех

Продали 30 токенов из 10 тысяч: как белорусские заводы осваивают ICO
Інвестыцый у вытворчасць ровараў практычна няма

Токены ёсць і ў ТАА "МотаВелаЗавод". Хоць юрыдычна прадпрыемства не звязана з абвешчаным банкрутам ААТ "Мотавела", токены кампаніі купляюць не вельмі актыўна. З 19 кастрычніка мінулага года пяць інвестараў купілі 30 з 10 тысяч токенаў коштам $100. Грошы плануецца накіраваць на фінансаванне бягучай фінансавай і інвестыцыйнай дзейнасці.

А адны з самых прадаваных токенаў на Finstore.by выпусцілі "Віталюр" і "Бел Фуд Сэрвіс" (KFC). Усяго "Віталюр" сабраў больш за $1 мільён і 322 тысячы еўра, а KFC — больш за $1,3 мільёна.

KFC шукае фінансаванне на пашырэнне і ўмацаванне брэнда, а "Віталюр" на фінансаванне бягучай дзейнасці, інвестыцыйных выдаткаў і развіццё рыбнай вытворчасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі