Пратэст сатэліта: што адбываецца ў Абхазіі?
Пратэсты ў Абхазіі
У Абхазіі, якая ў свой час адкалолася ад Грузіі, працягваюцца масавыя выступленні супраць пагаднення аб расійскіх інвестыцыях. Апазіцыянеры ўзялі штурмам парламент і патрабуюць адстаўкі прэзідэнта. Прэзідэнт пагадзіўся сысці і прызначыць датэрміновыя выбары, але толькі пасля таго, як урадавыя будынкі гэтай часткова прызнанай рэспублікі будуць вызваленыя. Расказваем, што адбываецца ў Абхазіі і што гэта можа азначаць.
Як развіваліся падзеі?
Увечары 15 лістапада пратэстоўцам атрымалася сарваць пасяджэнне парламента на якім мусіла разглядацца ратыфікацыя інвестыцыйнага пагаднення з Расіяй — натоўп знёс плот і прарваўся на тэрыторыю парламента. Улады неўзабаве заявілі пра гатоўнасць адклікаць пагадненне, але мітынгоўцы заявілі, што не сыдуць з парламента да таго часу, пакуль не падасць у адстаўку прэзідэнт самаабвешчанай рэспублікі Аслан Бжанія. Яму далі паўтары гадзіны на тое, каб прыняць рашэнне і прыгразілі: калі патрабаванне не будзе выкананае, пратэстоўцы захопяць будынак службы дзяржбяспекі, дзе на той момант знаходзіўся Бжанія (тут варта дадаць, што прэзідэнцкую адміністрацыю дагэтуль ўжо кантралявалі пратэстоўцы).
Калі тэрмін ультыматуму выйшаў, прэс-служба прэзідэнта заявіла, што Бжанія "паехаў у сваю родную вёскку Тамыш". Апазіцыя палічыла, што насамрэч прэзідэнт перадыслакаваўся на тэрыторыю расійскай вайсковай базы, і тады прэс-служба распаўсюдзіла відэакадры, з якіх вынікала, што прэзідэнт, мяркуючы па ўсім, сапраўды знаходзіўся ў гэтай вёсцы.
Раніцай наступнага дня прэс-служба разаслала новае відэа з сяла Тамыш. На гэтых кадрах была заява Бжаніі: "Кажуць, што я з'ехаў з Абхазіі, але вось ён я, знаходжуся ў Абхазіі. Мы сабраліся не дзеля таго, каб захаваць маю ўладу, а дзеля таго, каб захаваць дзяржаўнасць Абхазіі. Тыя, хто знаходзіцца цяпер у адміністрацыі прэзідэнта павінны сысці адтуль. Пасля чаго я абвяшчу новыя выбары і падам у адстаўку". Але апазіцыя адмовілася задаволіць гэтае патрабаванне і працягвае настойваць на сваім.
Што не так з пагадненнем?
Дакумент прадугледжвае расійскія інвестыцыі з мінімальным фінансаваннем ад двух мільярдаў рублёў практычна ва ўсе галіны эканомікі Абхазіі, гэта ў пагадненні называецца "стратэгічнымі сферамі эканомікі". Праінвеставана можа быць сельская гаспадарка, цеплаэнергетычны комплекс, дарогі, парты і чыгуначная інфраструктура, электраэнергетыка, а таксама ўсё, што тычыцца турызму.
Па дамове, абхазскі бок абавязаны прадаставіць зямельныя ўчасткі для рэалізацыі гэтых праектаў, а права ўласнасці на зямлю можа пераходзіць да ўладальнікаў аб'ектаў інвестыцый. Больш за тое, для рэалізацыі такога роду праектаў на тэрыторыі Абхазіі могуць быць адкрыты філіялы расійскіх банкаў, а інвестары будуць вызвалены ад выплаты мытных пошлін на будаўнічыя матэрыялы, падаткі на маёмасць і прыбытак тэрмінам да васьмі гадоў. Інвестары таксама змогуць завозіць на тэрыторыю Абхазіі замежных працоўных.
Пагадненне, зразумела, не магло не ўстрывожыць абхазаў, таму што фактычна гэтым дакументам Расія заявіла прэтэнзію на перадачу амаль усёй маёмасці непрызнанай рэспублікі расійскім прадпрыемствам, а таксама відавочную дыскрымінацыю абхазскіх прадпрымальнікаў.
Ці можна лічыць выступы антырасійскімі?
Пратэстоўцы падкрэсліваюць, што яны не супраць Расіі, але іх галоўная мэта — абарона нацыянальных інтарэсаў і прыродных рэсурсаў Абхазіі. Падобна, гэта галоўная дылема абхазскага грамадства — як адсаяць свае інтарэсы і не пасварыцца з Расіяй?
Рэдактар незалежнага паўднёва-каўказскага выдання JAMnews у Абхазіі Інал Хашыг перакананы, што гэтая дылема пяройдзе ў спадчыну наступнаму прэзідэнту, пасля таго, як Аслан Бжанія сыдзе ў адстаўку:
“Знайсці новы алгарытм узаемаадносін з Масквой будзе адной з першачарговых задач наступнай улады. Яе формула надзвычай простая: захаваць сяброўства з Расіяй, не ўшчамляючы пры гэтым свой суверэнітэт. Аднак да таго часу, пакуль бюджэт тваёй краіны напалову датуецца Масквой, дасягнуць зададзенага балансу будзе вельмі складана”.
Сілавікі на баку пратэстоўцаў?
Уначы 15 лістапада мясцовыя СМІ паведамлялі, што адразу пасля ад'езду Бжанія тэрыторыю службы дзяржбяспекі і МУС пакінулі практычна ўсе сілавікі. Некаторыя ўспрынялі гэта як знак салідарнасці з прысутнымі. Пра тое, што некаторыя праваахоўнікі перайшлі на бок апазіцыі паведамлялася яшчэ напярэдадні, падчас супрацьстаяння ў парламента — уласна, калі б яны не перайшлі, актывістам, хутчэй за ўсё, не ўдалося б знесці агароджу і прарвацца да будынка ўстановы.
Некалькі незалежных медыяў у Абхазіі са спасылкай на высокапастаўленага супрацоўніка мінабароны 16 лістапада паведамілі, што напярэдадні Бжанія запатрабаваў ад войска вызваліць урадавыя будынкі, але атрымаў адмову. Выканаўца абавязкаў міністра абароны Беслан Цвіжба (міністр у адпачынку) заявіў, што не будзе парушаць закон, які забараняе выкарыстоўваць ваенную тэхніку для падаўлення пратэстных акцый.
Як да таго, што адбываецца, ставяцца ў Тбілісі?
У Тбілісі на супраціў Абхазіі глядзяць без асаблівага аптымізму, мяркуючы, што пагадненне ў любым выпадку будзе ратыфікавана, што, у сваю чаргу, стане крокам да далейшай анэксіі Абхазіі Расіяй.
“Расія рыхтуецца да таго, каб Абхазія ўвайшла ў яе склад, а Грузія была ў сферы яе ўплыву. Гэта тое, што Расія хоча атрымаць у выніку палітычнага гандлю з адміністрацыяй Трампа, — лічыць грузінскі эксперт Надар Харшыладзэ, заснавальнік "Цэнтра стратэгічнага аналізу", — Абхазія, вядома, не будзе асноўнай і нават дзясятай у спісе важных для Расіі тэм. Але Масква хоча падрыхтавацца з выразнай "прапановай" для гандлю з Трампам, мець сваю "прапанову" па тэрыторыях, якія яна хоча пакінуць пад сваім кантролем".
Вядомы грузінскі канфліктолаг Паата Закарэішвілі назваў трывожным знакам маўчанне грузінскага ўрада, якое наўмысна не заўважае фактычнай анексіі Абхазіі Расіяй:
"Я ўпэўнены, што "Грузінская мара" ніяк не адрэагуе на падзеі, якія адбываюцца ў Абхазіі", — сказаў Закарэішвілі, нагадаўшы пра тое, як улады Грузіі праігнаравалі візіт у гэтую самаабвешчаную рэспубліку прэзідэнта Беларусі два гады таму.
“Калі туды прыехаў Лукашэнка, а [прэм'ер-міністр Грузіі] Іраклі Кабахідзэ зрабіў ганебны каментар: "Ну і што, ён проста падарожнічаў па Чарнаморскім узбярэжжы". Гэтае маўчанне [уладаў] трывожнае, таму што Грузія відавочна саступае Абхазію Расіі. Верагодна, гэта тая цана, якую "Грузінская мара" павінна заплаціць за захаванне ўлады пры падтрымцы Расіі", — сказаў Закарэішвілі.
Што трэба ведаць пра Абхазію?
Абхазія — рэспубліка, якая адкалолася ад Грузіі і прызнана толькі пяццю з 193 дзяржаў-членаў ААН — Расіяй, Нікарагуа, Венесуэлай, Науру і Сірыяй. Астатняя міжнародная супольнасць па-ранейшаму лічыць яе часткай Грузіі. Грузія лічыць Абхазію сваёй тэрыторыяй, якую акупавала Расія. Абхазія аб'явіла сябе незалежнай ад Грузіі дзяржавай у верасні 1993 года, пасля кровапралітнай грузіна-абхазскай вайны, выйграць у якой ёй не ўдалося б без вайсковай дапамогі Расіі. Расія свайго ўдзелу ў вайне не прызнае і называе сябе нейтральным міратворцам.
З аднаго боку, Абхазія не можа весці паўнавартаснай знешнеэканамічнай дзейнасці і асуджаная заставацца сатэлітам Расіі, а з другога настойвае на ўласным суверэнітэце і не дае Расіі канчаткова падпарадкаваць яе. Спробы Крамля прадушыць тыя ці іншыя законапраекты, напрыклад, аб ЛГБТ або замежных агентах цярпелі фіяска. Акрамя таго, у гісторыі Абхазіі былі выпадкі, калі выбаршчыкі правальвалі крамлёўскіх кандыдатаў у прэзідэнты.
Больш за ўсё асцярог у грамадзян Абхазіі выклікаюць прэтэнзіі замежнікаў на зямлю і аб'екты інфраструктуры — да гэтага часу заканадаўства краіны забараняе прадаваць зямлю замежнікам і абмяжоўвае прысутнасць замежнага бізнэсу. Расійскія ўлада і бізнес, наадварот, прэтэндуюць на валоданне і кіраванне прывабнымі рэсурсамі Абхазіі, асабліва чарнаморскімі курортамі.
З 2020 года Расія вядзе мэтанакіраваную працу па "гарманізацыі заканадаўства" Расійскай Федэрацыі і Абхазіі. У межах гэтага працэсу Расія прапанавала падпісаць пагадненне "Аб прызнанні і прывядзенні ў выкананне судовых і арбітражных рашэнняў па эканамічных справах", што ўвогуле азначала, што Абхазія будзе прымаць рашэнні расійскіх судовых інстанцый як свае ўласныя. Праект пагаднення выклікаў супраціў у абхазскім палітычным асяроддзі, і ў адказ 1 верасня 2024 года Расія прыпыніла выплаты абхазскім бюджэтнікам, а таксама пачала прадаваць электраэнергію па камерцыйным кошце. 25 верасня 2024 года парламент Абхазіі ратыфікаваў пагадненне з Расіяй аб судах.
"Пагадненне паміж Урадам Расійскай Федэрацыі і Урадам Рэспублікі Абхазія аб ажыццяўленні расійскімі юрыдычнымі асобамі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Рэспублікі Абхазія" стала наступным крокам.
Жэня Снежкіна, Дыяна Петрыяшвілі, "Медыясетка"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.