Прэм’ер Кабякоў растлумачыў, чаму ў Расію можна ўвозіць “беларускія ківі”
Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым патлумачыў, з якой прычыны праз Беларусь у Расію трапляюць гэтак званыя “санкцыйныя тавары”. Паводле Кабякова, “беларускія” папая і ківі не вырабляюцца ў ЕС і ЗША, таму могуць пастаўляцца ў Расію.
“Мы знаходзімся на адзінай мытнай тэрыторыі, таму нашы партнёры, нашы рэзідэнты гэтай мытнай тэрыторыі маюць права выбіраць найбольш аптымальную лагістыку, — цытуе Кабякова ТАСС. — Калі яны выбралі, што тавары з тропікаў, папаю або ківі, ім лепей везці на тэрыторыю РФ праз мытную тэрыторыю, якая ўваходзіць у склад Рэспублікі Беларусь, значыць, так ім больш выгадна”.
Што да морапрадуктаў беларускай вытварчасці, то кіраўнік беларускага ўраду заклікаў больш уважліва глядзець на заканадаўства, згодна з якім, калі тавар праходзіць праз апрацоўку на тэрыторыі Беларусі, то гэты тавар робіцца таварам Мытнага саюза, уключаным у эканамічны абарот на беларускай тэрыторыі і законным чынам паступае на тэрыторыю ўсяго Мытнага саюза.
23 верасня Россельгаснагляд папрасіў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі растлумачыць сітуацыю з увозам у Расію пазасезоннай і экзатычнай садавіной і гароднінай нібыта беларускага паходжання. У 2015 годзе экспарт з Беларусі такой прадукцыі рэзка ўзрос у параўнанні з 2014 годам.
Фота: ria.ru