Пры тэракце ў "Крокус Сіці Холе" загінула грамадзянка Беларусі
Ганна Волкава
Пры тэракце ў падмаскоўным клубе "Крокус Сіці Хол" загінула грамадзянка Беларусі, паведамляе амбасада Беларусі ў Расіі.
"З жалем паведамляем, што ў спісах загінулых у выніку тэракту ў Краснагорску 22 сакавіка 2024 года значыцца грамадзянка Рэспублікі Беларусь 1978 года нараджэння", — гаворыцца ў паведамленні амбасады.
Імя загінулай дыпламаты не называюць.
Паводле інфармацыі сайта "Зеркало", гаворка ідзе пра ўраджэнку Брэста Ганну Волкаву (да замужжа Сабалеўскую). Яна доўгі час жыла ў Маскве, падчас тэракту загінула разам з мужам.
Паведамляецца, што Ганна была дзіцячым псіхолагам.
Пры тэракце таксама быў цяжка паранены жыхар Бабруйска Алім Кашавараў, які працаваў у клубе ахоўнікам. Лёс яшчэ аднаго беларуса-ахоўніка Вадзіма Куліка дагэтуль невядомы.
Увечары 22 сакавсіка група ўзброеных людзей з аўтаматамі ўварвалася ў клуб "Крокус Сіці Хол". Яны пачалі страляць па гледачах, якія прыйшлі на канцэрт рок-гурта "Пікнік", а потым, верагодна, падпалілі будынак. У выніку загінулі не менш за 137 чалавек, а 182 пацярпелі.
Зранку 23 сакавіка ФСБ заявіла пра затрыманне падазраваных у Бранскай вобласці каля мяжы з Беларуссю. Адказнасць за тэракт узяла на сябе групоўка "Ісламская дзяржава".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.