Прыватная гімназія мамы Колі Лукашэнкі за 3 гады атрымала 5 млн рублёў з бюджэту
"Мінская міжнародная гімназія"
За тры гады, з 2020-га па 2022-і, прыватная "Мінская міжнародная гімназія" атрымала з бюджэту 5 ітльёнаў рублёў мэтавага фінансавання. Гэта высветлілі супрацоўнікі расследвальніцкага праекта "Бюро Медыя", вывучыўшы справаздачы гімназіі.
"Мінская міжнародная гімназія" працуе з 2020 года. Заснавальніцай гэтай прыватнай навучальнай установы з'яўляецца Ірына Абельская, маці Мікалая Лукашэнкі. Школу пабудаваў за свае сродкі расійскі алігарх Мікалай Гуцарыеў. Падчас будаўніцтва ён заяўляў, што плануе ўкласці ў школу каля 12 мільёнаў долараў.
Ад самага свайго заснавання гімназія атрымлівае бюджэтныя грошы. Паводле звестак "Бюро Медыя", з 2020 года школа толькі на закупы патраціла каля паўмільёна рублёў бюджэтных сродкаў.
На гэтыя грошы ўстанова закупляе ноўтбукі, планшэты, музычны цэнтр, прынтары, паслугі па ўборцы тэрыторый, школьнае харчаванне для дзяцей, а таксама навучальныя матэрыялы і сродкі навучання. Ёсць у спісе закупак і ідэалагічная літаратура — кнігі і плакаты "Генацыд беларускага народа", "Хатынь", "Свяшчэнная памяць Вялікай Перамогі" ды іншае. Пра гэта сведчыць адзін з нядаўніх тэндараў, абвешчаных гімназіяй..
Як распавядала Еўрарадыё, у гімназіі навучаюцца дзеці беларускай эліты. "Цана пытання" — каля 3000 долараў у год за адно дзіця. У дадатак да гэтага, як бачна, яшчэ і грошы з бюджэту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.