Мама Колі Лукашэнкі аказалася заснавальніцай прыватнай элітнай гімназіі
Ірына Абельская з сынам — Мікалаем Лукашэнкам / cpartisans_dumps
З 2020-м у элітным мінскім пасёлку Дразды, дзе стаяць катэджы топ-чыноўнікаў і бізнесменаў, а зусім недалёка размешчана рэзідэнцыя Лукашэнкі, адкрылася прыватная гімназія. У ёй вучацца дзеці супрацоўнікаў Кіраўніцтва справамі, сілавікоў, бізнесменаў і... сямейства самога Лукашэнкі. Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра высветлілі, што заснавальніца гімназіі — Ірына Абельская, маці Колі Лукашэнкі.
Пабудаваў сябар Міша
Цяпер галоўны доктар Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра, больш вядомага як "Лечкамісія", Абельская была асабістым лекарам Лукашэнкі. Яна ж стала маці яго малодшага сына — афіцыйна пра гэта нідзе не заяўлялася, але ў дакументах, якія ёсць у распараджэнні "Кібер-Партызанаў", пазначана менавіта так.
У 2019-м Абельская зарэгістравала кампанію "Гарызонты ведаў", мэта якой — "развіццё агульнай сярэдняй адукацыі". Тады ж у Драздах пачалі будаваць прыватную элітную школу.
Будаўніцтвам займаўся даўні сябар Лукашэнкі расійскі бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў. На ўзвядзенне гімназіі і добраўпарадкаванне тэрыторыі алігарх планаваў выдаткаваць каля 12 мільёнаў долараў.
Школа, якая атрымала назву Мінская міжнародная гімназія, складаецца з двух чатырохпавярховых карпусоў з падвальным памяшканнем. Звонку размяшчаюцца стадыён, пляцоўкі для баскетбола, міні-футбола, гандбола, а таксама гімнастычны гарадок і паркоўкі.
У самой гімназіі знаходзіцца радыёвузел, фота- і кіналабараторыя, пакой з навучальнай зброяй і шмат чаго іншага. Для назірання за школьнікамі і персаналам устаноўлена сістэма відэаназірання KiPOD ад кампаніі Synesis, гэтай жа сістэмай карыстаюцца беларускія сілавікі.
Адукацыя ў афшоры
Афіцыйна гімназію ў Драздах будавала кампанія "СертусАвія", якая належыць кіпрскаму афшору "Блатберг Холдынгс Лімітэд", звязанаму з тым жа Гуцарыевым. А аператарам навучальнай установы стала прыватная ўстанова адукацыі "Мінская міжнародная гімназія", заснаваная Ірынай Абельскай кампанія "Гарызонты ведаў".
Як высветлілі расследавальнікі, праз месяц пасля адкрыцця школы, у кастрычніку 2020 года, Ірына Абельская перадала сваю фірму таму самаму кіпрскаму афшору. Цікава, што ён жа афіцыйна валодае рэзідэнцыяй у Радашковічах, якую Гуцарыеў выкупіў у Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
У 2020-м, калі на фоне масавых пратэстаў у Беларусі Коля Лукашэнка забраў дакументы з Ліцэя БДУ, ён стаў вучнем створанай маці гімназіі. Як расказала адна з педагогаў, Абельская курыравала навучанне сына асабіста, а таксама займалася падборам настаўнікаў.
У гэтай жа прыватнай гімназіі вучацца тры дачкі Дзмітрыя Лукашэнкі і дачка кіраўніка аднаго з падраздзяленняў службы бяспекі Лукашэнкі Аляксея Высоцкага.
Даход — мільён, але грошы дае бюджэт
Колькі каштуе вучыцца ў элітнай гімназіі? Цана — каля 3000 долараў у год за адно дзіця. Гадавы даход школы можа складаць каля мільёна долараў. Дарэчы, заробкі ў педагогаў там адносна сціплыя: 1200 рублёў.
Хоць гімназія прыватная, яна карыстаецца дзяржаўнымі грашыма. Так, з 2020 да 2022 года ўстанова за бюджэтныя сродкі закупіла тэхніку для вучобы на 100 тысяч долараў. Больш за тое, гімназія закупляла харчаванне для "залатой моладзі" за кошт рэспубліканскага бюджэту з фармулёўкай "для дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў і для іншых ільготнікаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.