Набліжаныя да Кадырава кампаніі праз Беларусь вывозяць з Украіны рапс

Парушаючы міжнароднае гуманітарнае права, рапс з Украіны едзе ў Расію і Беларусь

Парушаючы міжнароднае гуманітарнае права, рапс з Украіны едзе ў Расію і Беларусь / Еўрарадыё

Міжнароднае гуманітарнае права забараняе вываз аграпрадукцыі з акупаваных тэрыторый. Аднак Беларускі расследавальніцкі цэнтр, выкарыстоўваючы ўцечку дакументаў, высветліў, што кампаніі, звязаныя з атачэннем Рамзана Кадырава, партыяй "Единая Россия" і іх партнёрамі ў Беларусі, займаюцца экспартам насення рапсу з Херсонскай вобласці.

Еўрарадыё пераказвае тэзісы гэтага расследавання.

Каб спыніць пастаўкі аграпрадукцыі з Расіі ў краіны Еўрасаюза, Еўракамісія з 1 ліпеня 2024 года забараніла імпарт збожжавых, насення алейных і прадуктаў іх перапрацоўкі з РФ і РБ. Але гэта не замінае ўкраінскаму рапсу трапляць у Беларусь.

Згодна са злітым дакументам, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі РФ афіцыйна былі зарэгістраваныя здзелкі на 4,9 тысячы тон рапсу.

У Херсонскай вобласці яшчэ з 1997 года працавала ТАА "Світанок" пад кіраўніцтвам Сяргея Максіменкі. Пасля 2014 года, калі Расія ўварвалася на ўсход Украіны, ён заняўся валанцёрствам. У 2022-м пасля поўнамаштабнага ўварвання дырэктар заставаўся верным сабе і раздаваў жыхарам вёскі Наватроіцкае бясплатна малако са сваёй фермы.

У красавіку 2022 года ён разам з сынам трапіў у палон да расійскіх вайскоўцаў. Пасля вызвалення яму не дазволілі з'ехаць і прымусілі супрацоўнічаць з расійскімі ўладамі на акупаванай тэрыторыі. Ён атрымаў расійскі пашпарт, а яго фермерская гаспадарка была зарэгістраваная па расійскіх законах.

Цяпер ТАА "Світанок" прадае насенне рапсу расійскаму ТАА "Торгтрейд". За 2023 год яно прадало 2,6 тон насення рапсу. Большая частка прызначалася для беларускага ААТ "Наваельнянскі міжрайаграснаб".

Приближенные к Кадырову компании через Беларусь вывозят из Украины рапс
Сяргей Максіменка зрабіў з былога калгаса паспяховае сельгаспрадпрыемства

Прычым прадаваўся ўкраінскі рапс па заніжаных цэнах — 330-350 долараў за тону. У той час як рынкавыя цэны на рапс былі каля 450-460 еўра. Расследавальнікі мяркуюць, што фермерская гаспадарка магла пайсці на нявыгадныя для сябе ўмовы, толькі аказаўшыся пад ціскам або ў сітуацыі экстранай неабходнасці.

Журналісты БРЦ пад выглядам чыноўнікаў адміністрацыі Херсонскай вобласці пагаварылі з дырэктарам ТАА "Торгтрейд" Вадзімам Аляксеевым. Ён пацвердзіў, што атрымлівае сыравіну — рапс і насенне сланечніка, у асноўным, з акупаваных абласцей Украіны — "Крым, Херсоншчына, Запарожжа", а яго асноўны рынак збыту — Беларусь.

Ён паскардзіўся на вымагальніцтва хабараў на выездзе з Херсонскай вобласці:

"Ваенная нейкая паліцыя ці хто яны? Яны спыняюць машыну і патрабуюць дакументы, яны патрабуюць дакументы на груз і кажуць: павінен быць пропуск... з бедных беларусаў спрабуюць выцягнуць апошнія 2000-3000 рублёў. Або спыняць гэтую машыну, і вось яна стаіць і тупіць, і проста... вымушаюць яго, беднага, ісці на нейкі кампраміс".

Што ж гэта за "Торгтрейд"? Кампанію зарэгістравалі ў 2022 годзе ў Грозным, сталіцы Чачні. За год яна павялічыла выручку з 693 млн еўра да 2,16 млн еўра.

Журналісты выйшлі на Берыкханава Тамерлана Султанавіча, чыя кампанія ТАА "Мир" зарэгістраваная па тым жа адрасе, што "Торгтрейд". І высветлілі, што ў яго ёсць сувязі з уплывовымі людзьмі ў Чачні. Сярод іх, напрыклад, Зураб Салаудзінавіч Ісаеў, які атрымаў ад Кадырава медаль за заслугі перад Чачнёй.

Ісаеў з Берыкханавым працавалі ў Міністэрстве фінансаў Чачні і здзяйснялі хадж у Меку.

Каму "Торгтрейд" перапрадае ўкраінскі рапс?

"У Беларусі мы вязем да сябе на прадпрыемства. Мы вязем не для продажу-перапродажу. Наш завод — "Трыял Эксперт", — кажа Тамерлан Берыкханаў.

Аказалася, што вытворчасць "Трыял Эксперт" знаходзіцца на тым жа адрасе, дзе зарэгістраванае ААТ "Наваельнянскі міжрайграснаб" — Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці, пасёлак Наваельня. Гэтая арганізацыя знаходзіцца ў стадыі банкруцтва.

Приближенные к Кадырову компании через Беларусь вывозят из Украины рапс
Тамерлан Берыкханаў (злева) і Зураб Ісаеў (справа) / ummatour.ru

Што цікава, у беларускім адзіным Дзяржрэестры юрыдычных асоб і ІП у кампаніі "Трыял Эксперт" зусім іншыя ўладальнікі — былы грузчык Аляксей Багуцкі і былы намеснік дырэктара па будаўніцтве ў "Еўрагандлі" Ігар Якубовіч.

Але калі журналісты-расследавальнікі пад выглядам чыноўнікаў з Херсона звязаліся з Якубовічам, ён спаслаўся на Тамерлана Берыкханава, які "можа прадставіць інтарэсы кампаніі".

Затое Якубовіч здаў планы па развіцці "Трыял Эксперт": супрацоўнічаць з кітайцамі.

"Мы хочам магутнасці павялічыць там больш як у чатыры разы, пяць разоў супраць таго, што ёсць. <... Мы возім у розныя краіны: у Ізраіль і ў Малайзію. Так што тут, і па Беларусі ў нас шмат купляюць", — прызнаўся сузаснавальнік.

Рапс пад апякунствам "Единой России"?

Украінскі рапс вывозіць і прадае ў Беларусь таксама маскоўская кампанія "Агротрейд". Яе ўласнік — Міхаіл Ціхаміраў, бацька Антона Ціхамірава, які да анексіі Крыма быў генеральным дырэктарам ААТ "Тихомиров", які займаўся ўборкай і экспартам збожжавых. 

У часы прэзідэнта Януковіча гэтая фірма атрымала ўзнагароду "Прадпрыемства года-2010", а дырэктару далі ордэн "Зорка эканомікі Украіны". Пасля акупацыі ў 2014 Ціхаміраў перайшоў на бок расійскай адміністрацыі.

Акрамя сельскай гаспадаркі, Антон Ціхаміраў займаўся грамадскай працай — два гады быў дарадцам кіраўніка гарадской адміністрацыі Ялты, паўгода — сакратаром ялцінскага аддзялення партыі "Единая Россия".

Приближенные к Кадырову компании через Беларусь вывозят из Украины рапс
Антон Ціхаміраў / an-crimea.ru

З 2016-га Антон Ціхаміраў быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Ялты.

Зарэгістраваная ў 2023 годзе на Ціхаміравых кампанія "Агротрейд" паставіла 671,8 тысячы тон рапсу з Херсонскай вобласці для "Навабеліцкага камбіната хлебапрадуктаў" і ТАА "Аграпрадукт". За мінулы год выручка кампаніі склала амаль 1,77 млн еўра, чысты прыбытак — 80,2 тысячы еўра.

І гэта яшчэ не ўсё. Журналісты праверылі кампанію ТАА "Велес-Агро" — яна ўвезла ў Беларусь на "Аграпрадукт" і ЗАТ "Аблрапсаграсэрвіс" 1171 тону збожжа рапсу.

Заснавальнік кампаніі — грамадзянін Кыргызстана Верхашынскі Сяргей Віктаравіч.

У размове з расследавальнікамі дырэктар вышэйзгаданага "Торгтрейда" Вадзім Аляксееў назваў канкурэнтаў "звычайнымі перакупамі".

Вазілі рапс з Херсона ў Беларусь і індывідуальныя прадпрымальнікі. Напрыклад, у 2023 годзе гэтым займаўся ІП Лук'янчанка з Барнаула — 289,3 тоны збожжа ён па дакументах адправіў у "Навабеліцкі КХП" (філіял ААТ "Гомельхлебапрадукт").

Вываз збожжаваеннае злачынства

"Вываз аграпрадукцыі з акупаваных тэрыторый Украіны можа сведчыць аб разрабаванні маёмасці — гэта значыць ваенным злачынстве", — заявіла Кацярына Рашэўская, юрыстка Рэгіянальнага цэнтра правоў чалавека (RCHR), у каментары для БРЦ.

А наконт таго, што ўраджай ва ўкраінскіх фермераў не адбіраюць, а купляюць, юрыст сказала наступнае:

"Для ўстанаўлення супрацьпраўнасці трэба ацаніць, па якой цане купляецца збожжа ў фермераў — калі яна не з'яўляецца рынкавай, гэта можа сведчыць на карысць разрабавання як ваеннага злачынства. А таксама абставіны, пры якіх фермеры пачалі супрацоўнічаць з расіянамі: прымус, запалохванне, адсутнасць альтэрнатыўных рынкаў для продажу збожжа, што можа быць патлумачанае на карысць здзяйснення злачынства разрабавання".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі