Як таемныя сваякі Алексіна дапамагаюць яму выратаваць бізнес ад санкцый
Нявесткі алігарха Алексіна дапамагаюць яму выратаваць бізнес
Калі ў санкцыйныя спісы ўносяць сваякоў палітыкаў і бізнесоўцаў, якіх гэтыя санкцыі непасрэдна датычаць, у іх знаходзяцца абаронцы. Маўляў, сын за бацьку не адказвае і падобнае.
Расследаванне “Бюро” на прыкладзе "тытунёвага караля" Аляксея Алексіна наглядна паказвае, як хітра сям'я дапамагае захаваць грошы і ўплыў, нягледзячы на спробы ЕС і ЗША абрэзаць паступленне грошай у кашалёк бізнесоўца, а заадно і Лукашэнкі.
Як усё пачыналася і як дапамог рарытэтны кабрыялет
Аляксей Алексін знаходзіцца пад санкцыямі з лета 2021-га. Алігарх пераразмеркаваў актывы паміж сынамі і жонкай. ЕС і ЗША ацанілі кемлівасць, але перакрылі і гэтую шчыліну: Дзмітрый і Віталь Алексіны трапілі пад санкцыі ЕС у чэрвені 2022-га, а праз год падцягнуліся і ЗША, дадаўшы ў спіс акрамя дзяцей яшчэ і жонку, Іну Алексіну. Ці разваліла гэта бізнес? Не.
У сям'і Алексіна ёсць "незасвечаныя" сваякі. Якіх усё ж выдаюць... сацсеткі. Так, расследавальнікі вывучылі вясельныя фатаграфіі Вікторыі Губанавай, на якіх нідзе не засвяціўся жаніх, — і звярнулі ўвагу на рарытэтны кабрыялет Mercury Monterey 1949 года. Машына даўно ў аўтапарку Аляксея Алексіна. У 2017 годзе яна ўдзельнічала ў вясельнай цырымоніі яго сына Дзмітрыя Алексіна.
Бізнесы ратуюць нявестка і сват
У 2022 годзе менш за месяц прайшло паміж унясеннем Дзмітрыя ў санкцыйны спіс і афармленнем фірмы "Метраж", у якой ён быў саўладальнікам з 2007 года, на Вікторыю Губанаву. Кампанія спецыялізавалася на арэндзе нерухомасці. У 2023-м атрымала ўсяго 11 тысяч рублёў чыстага прыбытку, але крэдытаў і пазык — на 4,7 млн рублёў.
У снежні 2023 юрасобу ліквідавалі. Кампанія злілася з іншай фірмай Алексіных, якую Губанава таксама атрымала ў спадчыну ад мужа — "Алекс Карго". Гэтая кампанія імпартуе спецыі, мяса і нікацінавыя паўчы з СНД, Еўропы і Азіі. Калі б яна была аформленая на Дзмітрыя Алексіна, бізнес аказаўся б пад пагрозай праз санкцыі.
"Алекс Карго" валодае ў Мінску сеткай мясных рэстаранаў Hooper. У 2023 годзе кампанія сям'і Алексіна зарабіла 826 тысяч рублёў.
Звязаная з Алексіным і сетка крам MeetHouse, якая належыць фірме "Вялес-Міт" — таксама з алексінскага пула бізнесаў. Расследавальнікі знайшлі ўскосныя прыкметы, якія паказваюць на тое, што "Вялес-Міт" пастаўляе мяса для рэстаранаў Hooper. У 2023 годзе "Вялес-Міт" атрымала амаль 25 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку.
У выпадку з "Вялес-Міт" сям'я абыходзіла санкцыі звыклым спосабам: пасля трапляння сыноў Алексіна ў блэкліст кампанію ў ліпені 2022-га паглынула новая юрыдычная асоба — ТАА "Сандаа".
Але і тут Алексіны прадэманстравалі кемлівасць і падстрахаваліся: уладальнік "Сандаа" — хто б вы думалі? Бацька Вікторыі Губанавай. Жонкі сына алігарха Дзмітрыя Алексіна.
"Сандаа" акрамя мяснога бізнесу займаецца імпартам пнеўмашын з Францыі і Германіі. Зноў жа, калі б уладальнікам быў хтосьці з Алексіных, санкцыі падкасілі б і гэты бізнес.
Гэта толькі некалькі прыкладаў. Дзмітрый Алексін мае долі ў "Белнафтагазе", "Энерга-Оіл", "Грантло", IT-кампаніі "Котвек". Частку фірмаў, якія трэба было выратаваць ад уплыву санкцый, аддалі на "ператрымку" Вікторыі Губанавай і яе бацьку Андрэю Губанаву, цесцю Алексіна.
Але што другі сын, Віталь Алексін?
У дзень, калі ў жніўні 2020-га недалёка ад станцыі метро "Пушкінская" людзі прыйшлі ўшанаваць памяць застрэленага сілавікамі Аляксандра Тарайкоўскага, у рэстаране "Лебядзіны" гуляў вяселле Алексін-малодшы.
Віталь Алексін ажаніўся з Надзеяй Зайцавай. І на вясельных фотаздымках таксама падазрона не відаць жаніха... але добра, што сям'я любіць пампезнасць!
Алексіных выдаў усё той жа рэтра-аўтамабіль Mercury Monterey 1949 года, які трапіў у аб'ектыў вясельнага фатографа.
Надзея Зайцава пакуль не мае юрыдычных адносін з бізнес-імперыяй Алексіных. Але цяпер дзякуючы расследавальнікам "Бюро" яна больш не таемная сваячка Аляксея Алексіна, а таемная схема ратавання бізнесу ад санкцый праз афармленне на сваякоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.