Як у Расію трапляюць люксавыя аўтамабілі з Еўропы праз Беларусь
Расія абыходзіць санкцыі на брэндавыя аўтамабілі з дапамогай Беларусі
З пачаткам вайны ва Украіне аўтамабільныя брэнды з сусветным імем абвясцілі Расіі байкот. Адзін за адным яны пакінулі расійскі рынак. Урады ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі таксама вырашылі пакараць пуцінскі рэжым і ўвялі санкцыі на прадметы раскошы. Аўтамабілі, даражэйшыя за 50 тысяч еўра, трапілі пад забарону.
Але люксавые машыны ўсё роўна трапляюць у Расію. Як? Рэч у паралельным імпарце, які арганізаваў расійскі ўрад дзякуючы Беларусі. Нашу краіну заходнія санкцыі на люксавыя аўтамабілі не закранулі.
Расследавальнікі "Бюро" сумесна з "Кіберпартызанамі" і расійскім выданнем "Вёрстка" высветлілі, дзякуючы каму і ў якіх колькасцях брэндавыя аўтамабілі трапляюць у Расію.
Еўрарадыё пераказвае змест расследавання.
Паводле яго, многія расійскія кампаніі нават не хаваюць, што займаюцца паралельным імпартам. Аднымі з першых вазіць машыны з Еўропы стаў холдынг "Аўтадом". Большую частку аўтамабіляў група кампаній імпартавала менавіта праз Беларусь. Але ў адрозненне ад Расіі, пастаўкі машын з ЕС у Беларусь не забароненыя, а некаторыя аўтамабільныя брэнды працягваюць супрацоўнічаць з Беларуссю.
— Еўрапейскія брэнды ў Беларусі прысутнічаюць. Дылеры ў дастаткова бяспечным рэжыме могуць перапрадаваць аўтамабілі ў Расію. Але пры разумным падыходзе, — расказаў "Бюро" дырэктар па паралельным імпарце ГК "Аўтадом" і ГК "АўтаСпецЦэнтр" Уладзімір Жолабаў.
Паводле звестак "Бюро", на фоне вайны пастаўкі машын з ЕС у Беларусь падскочылі ў чатыры разы — амаль да 1,5 мільярда еўра, а сёлета ўжо перавысілі 1,7 мільярда еўра. Асноўныя крыніцы — Германія, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў гэтага года з трох краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тысяч машын.
"Беларускія афіцыйныя дылеры, калі і прадаюць машыны ў Расию, то ў абмежаваным аб'ёме, бо самі нясуць рызыкі спынення паставак на свой адрас", — паведаміў "Бюро" топ-менеджар беларускай кампаніі.
Але тыя, хто прагне зарабіць, паводле журналістаў, забарону на рээкспарт аўтамабіляў лёгка абыходзяць. Для гэтага выкарыстоўваюць фірмы-пракладкі. У цэлым, схема абыходу санкцый простая: у ланцужку паміж ЕС і Расіяй выкарыстоўваюцца пасярэднікі з Беларусі.
У распараджэнне "Бюро" трапілі мытныя звесткі пра пастаўкі блізу тысячы легкавых аўтамабіляў з Беларусі ў Расію на суму больш чым 100 мільёнаў долараў.
Акрамя гэтага, расследавальнікі высветлілі, што пастаўкамі прэміяльных аўто заходніх брэндаў з Беларусі ў Расію зарабляюць больш чым 30 беларускіх кампаній.
"Бюро" склала свой топ-5 экспарцёраў, якія вылучаюцца з агульнай масы аб'ёмамі продажаў, а таксама сувязямі іх уладальнікаў з беларускімі ўладамі.
Пятае месца ў іх рэйтынгу заняла кампанія “Зіп-Лайн”
Яе кіраўнік і ўладальнік — Андрэй Піскароў. Вучыўся ў БДУ, пачынаў кар'еру ў Міністэрстве замежных спраў. Потым пачаў працаваць на буйнога бізнесоўца Юрыя Чыжа, якога называлі "кашальком" Лукашэнкі.
У пачатку 2010-х Піскароў стаў саўладальнікам шэрагу кампаній, якія гандлююць легкавымі аўтамабілямі ў Беларусі. Адна з іх — "Эйс-Мотарс".
Партнёрамі Піскарова па гэтай фірме былі Сяргей Чыж і Дзмітрый Алексін. Першы — сын Юрыя Чыжа, другі — іншага ўплывовага бізнесоўца, Аляксея Алексіна, які трапіў пад заходнія санкцыі як "кашалёк" Лукашэнкі.
"Зіп-Лайн" пастаўляла ў Расію дарагія аўтамабілі Rolls-Royce, Lamborghini, Bentley брытанскай, італьянскай і нямецкай вытворчасці. Агульны кошт машын — звыш 4,8 мільёна долараў.
Чацвёртае месца дастаецца кампаніі “Атлант-М Брытанія”
Гэта афіцыйны прадстаўнік брытанскага вытворцы люксавых аўтамабіляў Jaguar Land Rover у Беларусі. Са студзеня да кастрычніка гэтага года кампанія паставіла ў Расію люксавых аўто Mercedes-Benz, BMW, Audi і іншых мадэляў амаль на 5 мільёнаў долараў.
“Тэхна-Джэт Груп” валодае Фелікс Дзеранаў — сын былога высокапастаўленага вайскоўца ўнутраных войскаў Ігара Дзеранава, які выйшаў на пенсію ў званні палкоўніка і заняўся ўласным бізнесам.
Паводле мытных звестак, кампанія пастаўляла ў Расію дарагія аўтамабілі Mercedes-Benz, BMW, Audi, Porsche ў асноўным нямецкай вытворчасці. Агульны кошт аўтамабіляў — больш за 15 мільёнаў долараў.
Першае месца журналісты “Бюро” аддали “Прэміяльнай транспартнай кампаніі”
Яна пабіла ўсе рэкорды і за дзесяць месяцаў гэтага года паставіла ў Расію аўтамабіляў люкс-сегменту больш чым на 15,6 мільёна долараў.
Кампанія заснаваная пасля пачатку вайны — у верасні 2022 года. Яе дырэктар — расіянін Ахмад Абуеў. У сябе на старонцы ў Instagram Абуеў пазначыў, што звязаны з расійскай "Гарадской транспартнай кампаніяй", якая займаецца паралельным імпартам легкавых і грузавых аўтамабіляў з Еўропы, ААЭ і Кітая.
"Прэміяльная транспартная кампанія" — партнёр Беларускай федэрацыі барацьбы, разам з Нацыянальным алімпійскім камітэтам на чале з Віктарам Лукашэнкам і Прэзідэнцкім спартыўным клубам пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі.
"Бюро" рэзюмуе, што нягледзячы на санкцыі, прэміяльныя еўрапейскія машыны працягваюць паступаць у Расію праз беларускіх пасярэднікаў.
Расследавальнікі напісалі пра гэтую сітуацыю Еўрапейскай асацыяцыі аўтамабільных вытворцаў, якая аб'ядноўвае ключавыя брэнды, і папрасілі даць каментар. Як толькі "Бюро" атрымае адказ — яго адразу ж апублікуюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.