“Арт Хаос” і санкцыі: што звязвае нявестку Лукашэнкі з кіпрскімі афшорамі

Сёння ў Ліліі Лукашэнка ёсць не толькі вялікая сям'я, але і любімая праца
Сёння ў Ліліі Лукашэнка ёсць не толькі вялікая сям'я, але і любімая праца

Жонку Віктара Лукашэнкі — старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі — завуць Лілія Лукашэнка. Пра яе вядома няшмат: хоць яна і не ўнікае публічных мерапрыемстваў, але заўсёды трымаецца трохі ўбаку. Практычна не выступае. Выключэнне — арт-івэнты, пра гэта будзе далей.

Але зусім нядаўна імя Ліліі Лукашэнка прагучала на ўзроўні ўсяго Еўрасаюза — у кантэксце трэцяга пакета санкцый супраць Беларусі. Увядзенне санкцый супраць "Дана Астра" аргументуецца ў афіцыйным часопісе ЕС у тым ліку і тым, што там працуе нявестка Лукашэнкі. Цытата:

"Уладальнікі Dana Holdings / "Дана Астра" падтрымліваюць блізкія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, нявестка прэзідэнта, займае высокую пасаду ў кампаніі".

Еўрарадыё вывучыла сувязі карціннай галерэі, дзе працуе нявестка кіраўніка Беларусі, з кіпрскімі афшорамі і сербскай Dana Holdings.

Кіруе забудоўшчыкам?

Пра сувязь Ліліі Лукашэнка з Dana Holdings загаварылі пасля публікацыі праспекта эмісіі "Дана Астра" — адной з кампаній-забудоўшчыкаў холдынга. Поўная цёзка жонкі Віктара Лукашэнкі пазначана там як намесніца дырэктара кампаніі. Гэта справядліва на 2016–2017 гады. Ці працуе цяпер Лілія Валер'еўна Лукашэнка ў "Дана Астра", невядома: пасля ў праспектах кампаніі наогул зніклі згадкі пра кіраўніцтва.

“Арт Хаос” и санкции: что связывает невестку Лукашенко с кипрскими офшорами

"Дана Астра" будуе ў Мінску велізарны жылы комплекс "Мінск-Свет". Меркавалася, што гэта будзе "горад у горадзе", але ў выніку атрымліваецца раён, даволі шчыльна забіты шматпавярховікамі. "Дана Астра" ўваходзіць у Dana Holdings сербскіх братоў Карычаў — бізнесменаў з неадназначнай рэпутацыяй і палітычнымі амбіцыямі.

"Самай магутнай фінансавай групай у рэспубліцы [Сербія] (пасля сям'і прэзідэнта, зразумела) з'яўляецца клан Карычаў. Яго ў Сербіі часта называюць "Сям'я #2", — пісала яшчэ ў 2000 годзе расійская газета "Коммерсант".

З тых часоў Карычы толькі ўмацаваліся — а заадно завялі сувязі ў Беларусі. Драгамір Карыч — ганаровы консул Беларусі ў Бялградзе, у прэсе яго часта называюць сябрам Аляксандра Лукашэнкі.

Дэ-юрэ Карычы не непасрэдна валодаюць "Дана Астра". Асноўны ўладальнік кампаніі — кіпрская TRIWORST LIMITED. Па супадзенні адна з яе кіраўніц — Ганна Ілія (Αννα Ηλια). Яна ж — сярод топ-менеджараў кампаніі Карычаў BK Juniors і яшчэ дзясятка афшораў.

Яшчэ адно супадзенне: у кампаніі TRIWORST LIMITED ёсць сувязі з тымі ж менеджарамі (Ганна Ілія і Надзя Д'янтыс), што і ў яшчэ аднаго афшора — EMIRATES BLUE SKIES LTD. Кампанія з такой самай назвай цяпер разам з бізнесменамі з ААЭ вядзе буйны дэвелаперскі праект у Мінску.

Блакітныя нябёсы Эміратаў

Яшчэ ў пачатку 2020 года "Эмірэйтс Блю Скай" называлася "Зомэкс Інвестмент". Шыльду змянілі пад вялікі праект, у які захацелі інвеставаць арабы.

2 кастрычніка беларускі прэм'ер Раман Галоўчанка і эмірацкі бізнесмен Мухамед аль-Абар заклалі на мінскай кальцавой аўтадарозе капсулу ў аснову Нацыянальнага выставачнага цэнтра — першага аб'екта "разумнага горада", на які плануецца выдаткаваць $4 млрд. На цырымоніі прысутнічаў Віктар Лукашэнка. А аль-Абар потым сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Арт Хаос” и санкции: что связывает невестку Лукашенко с кипрскими офшорами
Аль-Абар і Раман Галоўчанка на цырымоніі ў Мінску / СБ

Пры чым тут кампанія Карычаў? А яна і будзе рэалізоўваць інвестыцыйны праект: аль-Абар дае грошы, сербская кампанія будуе, а шчаслівыя ўсе павінны быць у Мінску.

Кіпрская EMIRATES BLUE SKIES LTD афіцыйна не ёсць заснавальнікам беларускай кампаніі з такім жа імем, але назвы яны змянілі прыблізна ў адзін час. Акрамя таго, топ-менеджары кіпрскага афшора тыя ж, што ў некаторых кампаній, звязаных з "Дана Астра".

Афіцыйныя заснавальнікі беларускай "Эмірэйтс Блю Скай" — кіпрскія "Элайва Трэйдынг Лімітэд" і "Азалка Холдынг Лімітэд". Звестак пра гэтыя кампаніі ў адкрытым доступе няма. Раней у складзе заснавальнікаў быў афшор "Кэнфілдко", які звязвалі з кіраўніцтвам кампаніі "Ітэра", якая ў канцы 2000-х перадала ўсю сваю бурную дэвелаперскую дзейнасць (у першую чаргу — праект "Мінск-Свет") братам Карычам.

Афіцыйна Лілія Валер'еўна Лукашэнка не мае дачынення да "Эмірэйтс Блю Скай". Але ўскосна яны звязаныя праз галерэю "Арт Хаос" у Dana Mall — гандлёвым цэнтры на поўначы Мінска, які будавала кампанія "Зомэкс Інвестмент".

Дарагія карціны. Вельмі дарагія

Паводле звестак на сярэдзіну снежня, чалавек з імем Лілія Валер'еўна Лукашэнка афіцыйна працуе дырэктарам ТАА "Арт Хаос". Гэта юрыдычная асоба займаецца галерэяй у ГЦ Dana Mall, дзе выстаўляюцца і прадаюцца работы сучасных мастакоў. Дарэчы, Лілія Лукашэнка часта з'яўляецца ў дзяржСМІ менавіта як кіраўніца галерэі — гаворка толькі пра мастацтва.

Увагу на сябе звяртае статутны фонд галерэі. У многіх кампаній ён складае ўсяго па некалькі тысяч рублёў, але ў гэтага невялікага праекта — адразу 472 050 рублёў. Яшчэ ў першай палове года гэта было больш за 200 тысяч долараў. Нядрэнна, так?

Уладальнік сціплай мінскай галерэі з нясціплым статутным фондам — кіпрская "ДАНЛЭЙС ХОЛДЫНГС ЛІМІТЭД". Яна, у сваю чаргу, афіляваная з шэрагам іншых афшораў. Канчатковых бенефіцыяраў кампаніі знайсці практычна немагчыма дзякуючы заблытанай (наўмысна?) сістэме заснавальнікаў і афіляваных структур. Уласна, у гэтым і ёсць уся сутнасць афшорных кампаній.

Некалькі менеджараў названай кампаніі маюць тыя ж імёны, што і кіраўнікі футбольнай каманды "Амонія Нікасія", якая належыць грэцкаму бізнесмену і палітыку Стаўрасу Папастаўру, імя якога было згадана ў многіх файлах "Панамскага дасье". Зрэшты, гэта могуць быць сапраўды цёзкі спартыўных дзеячаў.

“Арт Хаос” и санкции: что связывает невестку Лукашенко с кипрскими офшорами
Віктар Лукашэнка з дзецьмі на мерапрыемстве ў галерэі жонкі / БЕЛТА

Сама ж галерэя "Арт Хаос" нацэлена на патрабавальную публіку: напрыклад, тут можна купіць адну з карцін Мая Данцыга — амаль за 22 тысячы рублёў. Ёсць работы Аляксандра Кішчанкі, Зоі Луцэвіч і іншых беларускіх жывапісцаў. Агульны кошт выстаўленых работ вылічаецца сотнямі тысяч рублёў.

Багаты досвед на Кіпры

У 2012-м экс-супрацоўнік МУС Беларусі Вячаслаў Дудкін у інтэрв'ю газеце "Коммерсант" заявіў, што Лілія Лукашэнка ўзначальвае прадстаўніцтва кіпрскай Eastleigh Trading у Мінску. Сама гэта кампанія была звязаная з бізнесменам Уладзімірам Пефціевым, які ў той час абыходзіў еўрапейскія санкцыі пры дапамозе ланцужкоў афшорных кампаній.

Прадстаўніцтва Eastleigh Trading у Мінску было афіцыйна ліквідавана ў ліпені 2019 года. На самім Кіпры фірма працягвае працаваць і, праз іншую кампанію, афіляваная яшчэ з некалькімі кампаніямі, у тым ліку створанымі параўнальна нядаўна. Ці ёсць у іх прадстаўніцтвы ў Мінску і хто ўваходзіць у лік топ-менеджараў, зразумелая рэч, невядома.

Калі ў "Дана Астра" і ў "Арт Хаос" працуе адна і тая Лілія Лукашэнка, то ў яе за апошнія гады назапасіўся велізарны менеджарскі досвед у кампаніях, звязаных з Кіпрам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі