Першы беларускі ПАП пераехаў на трэніровачную базу спецназаўцаў

Вучэнні ў цэнтры спецыяльнай падрыхтоўкі, дзе трэніравалі спецназ / sb.by
Вучэнні ў цэнтры спецыяльнай падрыхтоўкі, дзе трэніравалі спецназ / sb.by

Улетку Еўрарадыё падрабязна расказвала пра сувязь кампаніі "ГардСэрвіс" — першага беларускага прыватнага ахоўнага прадпрыемства — з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта і прадпрыемствамі бізнесменаў, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі. З тых часоў у кампаніі шмат што змянілася — і гэтыя сувязі сталі прасочвацца яшчэ лепш.

За шэсць дзён да таго, як "ГардСэрвіс" павінен быў запрацаваць на поўную моц, у кампаніі памяняўся ўладальнік, а неўзабаве пасля гэтага і дырэктар. У канцы верасня арганізацыя пераехала на іншы адрас. Хто цяпер валодае першым беларускім ПАПам, як і з кім ён звязаны і пры чым тут трэніровачны цэнтр спецназа? Працяг расследавання Еўрарадыё.

Первый белорусский ЧОП переехал на тренировочную базу спецназовцев

Афганскі след

14 жніўня ў "ГардСэрвіс" з'явіўся новы паўнапраўны гаспадар. Аляксандр Міхайлавіч Мятла цяпер валодае 100% долі кампаніі, замяніўшы папярэдняга ўласніка — кампанію "Глобалкастом".

Поўны цёзка новага ўладальніка кампаніі — кіраўнік дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам "Памяць Афгана" і дырэктар "Лініі Сталіна" палкоўнік запасу Аляксандр Міхайлавіч Мятла.

Фонд "Памяць Афгана" займаецца дапамогай воінам-інтэрнацыяналістам. Грошы ў фонд паступаюць дзякуючы "добраахвотным узносам". Якімі менавіта сумамі аперуе арганізацыя — невядома, ужо шмат гадоў фонд не публікуе справаздачнасці. На сайце "Памяці Афгана" апублікаваныя толькі нешматлікія фатаграфіі і даведкі аб дабрачыннай дапамозе з 2006 да 2013 года.

Старшыня фонду "Памяць Афгана" Аляксандра Мятла вядомы сяброўствам з кіраўніком Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Віктарам Шэйманам. Шэйман сам — ветэран баявых дзеянняў у Афганістане. Ён дапамагае фонду з моманту яго заснавання.

На сайце фонду ёсць фота, на якім у 2004 годзе Шэйман разам з Мятлой уручаюць дзецям падарункі.

Первый белорусский ЧОП переехал на тренировочную базу спецназовцев
Віктар Шэйман і Аляксандр Мятла дораць дзецям падарункі / Фонд "Памяць Афгана"

У лютым 2019 года фонд "Памяць Афгана" падарыў ветэранам вайны ў Афганістане сем новых аўтамабіляў. Падчас выступлення Аляксандр Мятла удакладніў, што "цяперашнія экзэмпляры набыты дзякуючы дапамозе кіраўніка спраў прэзідэнта РБ Віктара Шэймана і некалькіх беларускіх прадпрымальнікаў".

У 2005 годзе па ініцыятыве фонду быў створаны гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", які згодна з указам Лукашэнкі быў перададзены фонду на ўтрыманне і цяпер з'яўляецца структурным падраздзяленнем фонду "Памяць Афгана". Віктар Шэйман і тагачасны міністр абароны Леанід Мальцаў былі сярод тых, хто падтрымаў гэту ініцыятыву.

Аляксандр Лукашэнка як мінімум двойчы наведваў святы комплексу: падчас урачыстага адкрыцця "Лініі Сталіна" і на суботніку, дзе саджаў дрэвы. На сайце фонду апублікавана сумеснае фота Аляксандра Мятлы з Аляксандрам Лукашэнкам у вайсковай форме.

Первый белорусский ЧОП переехал на тренировочную базу спецназовцев
Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Мятла на "Лініі Сталіна" / Лінія Сталіна

Панама-мама

У 2013 годзе дзякуючы дакументам з "Панамскага архіва" стала вядома, што беларус Аляксандр Мятла валодаў зарэгістраванай на Віргінскіх астравах кампаніяй Interforest Corp з юрыдычным адрасам вуліца Веры Харужай 16, офіс 148 у Мінску. У Беларусі ёсць дрэваапрацоўчая кампанія з падобнай назвай — наваполацкае СП ЗАТ "Інтэрфорэст".

Сумеснае прадпрыемства (СП) прадугледжвае, што сярод заснавальнікаў кампаніі павінна быць замежная фірма. Даказаць сувязь з афшорнай Interforest Corp не ўдалося, але вядома, што гэта кампанія заснаваная за год да з'яўлення беларускай СП ЗАТ "Інтэрфорэст".

З беларускага боку фірму звязваюць з ТАА "Аўтаімпарт" і яго ўладальнікам — наваполацкім бізнесменам Мікалаем Вараб'ём. Вараб'я ў прэсе называюць "бізнесменам, блізкім да Аляксандра Лукашэнкі". Ён быў актыўна задзейнічаны ў пастаўках паліва на рынкі краін СНД і ЕС праз кампанію "Інтэрсэрвіс".

Мікалай Варабей — адзін з трох уласнікаў нацыянальнага лагістычнага аператара "Брэміна груп", які звязваюць з папярэднім уладальнікам ПАП — "Глобалкастом-менеджмент". Два іншыя бізнесмены, якія валодаюць долямі ў "Брэміна груп": Аляксандр Зайцаў, уладальнік кампаніі Sohra Group, звязанай з геалагічнай разведкай і здабычай золата ў Гане і Судане, і Аляксей Алексін — уладальнік кампаніі "Энерга-Оіл", цяпер шырока вядомай кіёскамі "Табакерка".

Первый белорусский ЧОП переехал на тренировочную базу спецназовцев
Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Мікалай Варабей, Аляксей Алексін і Аляксандр Зайцаў на прэзентацыі лагістычнага комплексу "Брэміна-Орша" / СТБ

Новы "Глобалкастом"

У той жа дзень, калі змяніўся ўладальнік у "ГардСэрвіс", у "Глобалкастом-менеджмент" з'явіліся новыя ўласнікі. Цяпер іх трое: цёзка былога намесніка дырэктара "ААБ Лізінг" Яўген Жаўнер, поўны цёзка сябра прэзідыума Беларускай федэрацыі дзюдо Антон Новік і бізнесмен Аляксандр Раманоўскі. Апошні валодае доляй у кампаніі "ЮРАНЭКС-бяспека". Яго партнёрам па бізнесе з'яўляецца былы прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын.

"Глобалкастом-менеджмент" кіруе кампаніяй "Глобалкастом-комерс", чые пункты мытнага афармлення размешчаны ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". У адкрыцці пункта мытнага афармлення ў "Вялікім камені" браў удзел кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман.

Расследаванне Naviny.by сумесна з тэлеканалам "Белсат" паказвае схемы, з дапамогай якіх найбуйнейшымі пастаўшчыкамі кветак у Беларусь сталі кампаніі "Логекс", "Глобалкастом" і "Газ Венчурэ".

Кампанія "Газ Венчурэ" звязаная з лагістычным аператарам "Брэміна груп", якім на парытэтнай аснове валодаюць бізнесмены Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў. На сайце аператара "Газ Венчурэ" была пазначана як мытны прадстаўнік. Цяпер старонка з гэтай інфармацыяй выдаленая, але яна захавалася ў архіве.

Уладальнікамі "Газ Венчурэ" запісаны кіпрыёцкія фірмы Maylen Limited і Feloren Limited. Імі кіруе літоўская фірма Lewben, паслугамі якой карыстаюцца Алексін і Зайцаў.

Первый белорусский ЧОП переехал на тренировочную базу спецназовцев

Цвёрды Арэх

Новым дырэктарам "ГардСэрвіса" (замест былога спецназаўца Яўгена Чанава) пазначаны Уладзімір Міхайлавіч Арэх. Яго поўны цёзка — чалавек вайсковы. У свой час быў намеснікам камандуючага войскамі па тыле — начальнікам упраўлення тылу Заходняга аператыўнага камандавання да жніўня 2019 года.

У адрозненне ад свайго папярэдніка Уладзімір Арэх — асоба непублічная. Нарадзіўся ў 1969 годзе ў Бабруйску. У 2011 годзе скончыў на выдатна федэральную дзяржаўную казённую вайсковую адукацыйную ўстанову вышэйшай прафесійнай адукацыі "Ваенная акадэмія тылу і транспарту імя генерала арміі А. В. Хрулёва" Міністэрства абароны Расіі.

На пытанні Еўрарадыё Уладзімір Арэх адказваць адмовіўся.

Первый белорусский ЧОП переехал на тренировочную базу спецназовцев
Уезд у былы Цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі, дзе цяпер размяшчаецца "ГардСэрвіс" / Еўрарадыё

Наваселле

Акрамя кіраўніка і ўладальніка, у ТАА "ГардСэрвіс" змяніўся афіцыйны адрас. Кампанія была зарэгістраваная ў офісным будынку па вуліцы Няміга, 40. Новы адрас — Вуліца Карвата, 85. На ўскраіне Мінска.

Да 2019 года па гэтым адрасе размяшчаўся "Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў "Цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі". Цяпер там — маштабны рамонт. На ўездзе ўсталяваны КПП, праз які праходзяць рабочыя і будаўнічая тэхніка. Да тэрыторыі далучаны дом па Карвата, 81, які пустуе і які пасля працяглага прастою спрабуюць рэанімаваць. Усю тэрыторыю зусім нядаўна агарадзілі высокім бетонным парканам, якога не было, пакуль тут размяшчаўся Цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі.

ЦСП — міжведамасная структура, створаная ў 1991 годзе для падрыхтоўкі падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння Беларусі. З 2007 года там трэніравалі спецназ замежных дзяржаў. Сярод супрацоўнікаў цэнтра былі былыя і дзейныя — якія маюць баявы досвед — афіцэры сіл спецыяльных аперацый розных сілавых ведамстваў Беларусі.

Первый белорусский ЧОП переехал на тренировочную базу спецназовцев

Дырэктар арганізацыі Андрэй Красоўскі ў інтэрв'ю СБ у 2013 годзе расказваў, што цяперашні Цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі ставіць перад сабой задачу "аб'яднаць намаганні ўсіх сілавых структур у вырашэнні пытанняў спецыяльнай падрыхтоўкі салдат арміі антытэрору".

Цэнтр пастаянна праводзіў розныя чэмпіянаты, у якіх удзельнічалі супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта, СПБТ "Алмаз", САХР, АМАП, в/ч 3214, групы "А" КДБ, ССА, Пагранкамітэта і Мытнага камітэта. Паводле інфармацыі з ужо недаступнага сайта ЦСП, усяго там прайшлі навучанне больш за 5,5 тысячы спецыялістаў, з іх больш за 2,5 тысячы — замежныя. Сярод заслуг ЦСП пералічана стварэнне новых структур спецыяльнага прызначэння ў замежных дзяржавах. Напрыклад, у Нігерыі. А таксама шэраг замежных праектаў па трэніроўцы супрацоўнікаў спецназа іншых дзяржаў. Напрыклад, Венесуэлы.

У ліпені 2019 года было прынята рашэнне аб ліквідацыі Цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі. Да таго часу арганізацыя завінавацілася ў ФСАН. На жнівень мінулага года сума прэтэнзій да ЦСП па выканаўчых вядзеннях — больш за 411 тысяч рублёў.

Первый белорусский ЧОП переехал на тренировочную базу спецназовцев
Адкрыты чэмпіянат па практычнай стральбе з пісталета. Сярод удзельнікаў: супрацоўнікі СПБТ "Алмаз", САХР, мінскага і абласных АМАП, в/ч 3214, групы "Альфа" КДБ, Службы бяспекі прэзідэнта, сіл спецыяльных аперацый, Дзяржпагранкамітэта і Мытнага камітэта.

Незадоўга да адстаўкі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падпісаў планавую пастанову "Аб нормах забеспячэння зброяй і боепрыпасамі да яе". Гэта адбылося ў ліпені, ужо пасля рашэння аб ліквідацыі Цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі. Але з пастановы можна даведацца, што ў ЦСП захоўваўся цэлы арсенал разнастайнай зброі: аўтаматы Калашнікава розных мадыфікацый, пісталеты Макарава, SIG-Sauer, ТТ, "Вікінг", "Скіф", Caracal F, розныя Glock, рэвальверы, снайперскія вінтоўкі і карабіны.

Ліквідацыя Цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі да гэтага часу не завершана.

Што ў астатку

Першае ў Беларусі прыватнае ахоўнае прадпрыемства пераехала на месца дзяржаўнага цэнтра падрыхтоўкі спецназаўцаў. Гэта само па сабе вельмі паказальна.

Але яшчэ больш паказальна, што нітачкі ад "ГардСэрвіса" прывялі да, скажам так, вядомых грамадзян Беларусі. Да "тых самых" бізнесменаў. Іх дзелавая актыўнасць ахоплівае самыя розныя сферы. І агульнага паміж імі не так ужо і шмат. Але тое-сёе ёсць. Напрыклад, размешчаны крыху вышэй кадр, на якім яны стаяць побач з Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкамі.

Ці мог першы беларускі ПАП аказацца звязаны з кімсьці іншым? На першы погляд, відавочна, што так. Але калі ўдумацца ў гэту сітуацыю — такое адчуванне, што мы ў калейдаскопе. Страсянеш — узор зменіцца. Але шкельцы, з якіх ён складаецца, застануцца тыя самыя.

Хочаш дапамагчы незалежнай журналістыцы? Стань падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі