Пуцін хоча размесціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі
Расія размесціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, цытуе прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна Reuters. Перадаваць Беларусі кантроль над зброяй Масква не будзе.
Размяшчэнне такой зброі ў Беларусі павялічыць магчымасці Расіі нанесці ядзерны ўдар уздоўж усходняй мяжы НАТО. Незразумела, калі менавіта яна перадасць зброю ў Беларусь, але будаўніцтва сховішча плануюць скончыць да 1 ліпеня.
Паводле слоў Пуціна, Аляксандр Лукашэнка даўно прасіў размесціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, але сам Лукашэнка на гэтыя словы пакуль не адрэагаваў.
“Тактычная” ядзерн зброя прызначана для знішчэння пэўных цэляў на полі бою, а не цэлых гарадоў. Колькі падобнай зброі ёсць у Расіі, невядома.
Пуцін лічыць, што такі крок не парушыць абяцання пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі. Ён параўноўвае гэтыя свае планы з размяшчэннем падобнай амерыканскай зброі ў Еўропе. Эксперты ў гутарцы з журналістамі Reuters адзначылі, што калісьці Расія ганарылася тым, што, у адрозненне ад Злучаных Штатаў, не мела такой зброі па-за сваімі межамі, таму гэта яшчэ адна нагода сур'ёзна паставіцца да заявы Пуціна. Калі яго намеры будуць рэалізаваныя, гэта стане першым выпадкам з 90-х гадоў, калі Расія размяшчае ядзерную зброю за межамі сваёй тэрыторыі.
Міжнародная кампанія за адмову ад ядзернай зброі назвала заяву Пуціна надзвычайна небяспечнай эскалацыяй.
“Супольнае выкарыстанне ядзернай зброі значна пагаршае сітуацыю і небяспечна катастрафічнымі гуманітарнымі наступствамі”, — гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Але высокапастаўлены прадстаўнік амерыканскай адміністрацыі заявіў, што няма сігналаў таго, што Крэмль плануе ўжыць ядзерную зброю ва Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.