Пуцін пакінуў Беларусі толькі непрыдатныя танкі — польскі генерал

Танкавы батальён здзяйсняе марш у прызначаны раён

Танкавы батальён здзяйсняе марш у прызначаны раён / @modmilby

Беларуская армія нясе пагрозу толькі для сваіх грамадзян. Для суседніх краін небяспекі яна не ўяўляе. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю "Белсат" генерал Вальдэмар Скшыпчак, былы камандуючы Сухапутнымі войскамі ў Польшчы і былы намеснік міністра абароны. Надоечы ён заявіў, што польскім вайскоўцам хопіць пары гадзін, што знішчыць беларускае войска. Беларускую тэхніку пры гэтым ён назваў "кучай металалому". Журналісты "Белсата" папрасілі польскага генерала патлумачыць сваю пазіцыю.

Са слоў Скшыпчака, у пачатку вайны супраць Украіну Расія панесла вялікія страты. "Расіяне ў 2022 годзе мелі вялікі дэфіцыт і танкаў, і БМП", — нагадаў генерал. Дэфіцыт тэхнікі тады папаўнялі і за кошт беларусаў. Уладзімір Пуцін, са слоў Скшыпчака, забраў у беларускага войска "пэўную колькасць гэтых танкаў і баявых машын пяхоты, а затым пазбавіў беларускае войска магчымасці ладзіць любыя ваенныя аперацыі".

"Пакінулі тыя танкі, што палічылі непрыдатнымі", — сцвярджае ён. За гэтыя некалькі гадоў тая тэхніка была рэстаўраваная і зноў задзейнічаная ў баявой падрыхтоўцы. Але, на думку польскага генерала, "тое, што ездзіць па палігонах, не нясе ніякай пагрозы".

"На тых палігонах было больш беларускіх генералаў, чым гэтых беларускіх танкаў. У Беларусі малая колькасць тэхнікі, і яна нам не пагражае", — падкрэсліў Скшыпчак. Польскі генерал перакананы, што Пуцін і Лукашэнка пакуль не наважацца напасці на NATO. Ён мяркуе, што "вялікай вайны яшчэ доўга не будзе, бо расійская армія проста не гатовая да яе, яна загразла ў вайне ва Украіне". Але калі б такая вайна пачалася, яна пахавала б імперыю Пуціна, мяркуе Скшыпчак.

У пачатку красавіка падчас паездкі ў Гродзенскую вобласць Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рыхтуе Беларусь да вайны. Таму вядзецца "неабходная падрыхтоўка адпаведных падраздзяленняў", а ў войскі пастаўляюцца розныя віды ўзбраенняў і тэхнікі. У адказ на гэтыя словы кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі заявіў: "Хай паспрабуе. Паглядзім, хто выйграе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі