Работнікі маладзечанскага завода дамагліся частковай выплаты заробкаў

Работнікі Маладзечанскага завода металаканструкцый пачалі атрымліваць заробкі за красавік пасля таго, як 8 чэрвеня зладзілі на прадпрыемстве стыхійны страйк. Акцыя пратэсту адбылася якраз з-за затрымкі выплатаў. На наступны дзень у інтэрнэце з’явіўся відэазапіс сустрэчы працоўных з прадстаўнікамі заводскай адміністрацыі. Кіраўніцтва завода растлумачыла гэтыя праблемы зніжэннем вытворчасці, пазыкамі завода за электраэнергію і іншымі выплатамі.

Тым не менш намеснік гендырэктара па камерцыі і эканамічных пытаннях Дзмітрый Купрыянаў паабяцаў людзям выплаціць заробкі цягам гэтага тыдня і нават сказаў, што пакладзе на стол заяву аб звальненні, калі не разлічыцца з работнікамі.

Увечары 11 чэрвеня некаторыя работнікі атрымалі 50% заробка за красавік. Як паведаміў БелаПАН адзін з супрацоўнікаў, газарэзчык Дзмітрый Ваховіч, грошы выплацілі работнікам асноўнай вытворчасці, але пры гэтым, па звестках суразмоўцы агенцтва, заробак пакуль не атрымалі электрыкі, слесары, гардэробшчыкі ды іншыя супрацоўнікі.

У сярэднім людзям выплацілі каля 1 мільёна 500 тысяч рублёў — гэта і ёсць палова красавіцкага заробка.

Супрацоўнік завода мяркуе, што калі сёння ўсе грошы не прыйдуць, то ў панядзелак не выключаны новы страйк.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі