Уцякач патрабуе скасаваць Дамову аб юрыдычнай супрацы Беларусі і Польшчы

110811 ZhukavecS.mp3

Беларусь ужо 10 год змагаецца за выдачу бізнесмена Андрэя Жукаўца, які актыўна падтрымліваў апазіцыю. У гэтым афіцыйнаму Менску спрыяла польская пракуратура і суд, але Жукавец эфектыўна абараняецца. Гэтак, нядаўна ён звярнуўся ў польскі Сэйм з патрабаваннем скасаваць Дамову пра юрыдычную дапамогу паміж Польшчай і Беларуссю. 

 

Еўрарадыё: З-за таго, што паміж Беларуссю і Польшчай існуе дамова пра юрыдычную дапамогу, беларускі бок спрабуе прыцягнуць вас да судовай адказнасьці ў Беларусі. У якія інстанцыі вы асабіста звярталіся каб гэтая дамова была скасаваная?

Андрэй Жукавец: “Тое, што зрабілі палякі і польская Генеральная пракуратура, гэта сапраўды скандал. Я звяртаўся і ў польскую Генеральную пракуратуру, мы рабілі акцыю перад будынкам польскай Генеральнай пракуратуры, каб яна перастала супрацоўнічаць з беларускімі органамі. Я звяртаўся да Робэрта Цішкевіча, гэта дэпутат польскага сэйма, які склаў зварот да міністэрства юстыцыі. Але міністэрства юстыцыі Польшчы адказала, што гэтую дамову нельга спыніць, бо яна патрэбная для развіцця польскага бізнэсу ў Беларусі. Мы спрабуем націснуць на польскія ўлады, каб яны спынілі выкананне гэтай дамовы”.

Еўрарадыё: Ці Польшча мае права як сябра Еўрасаюза мець дамову пра юрыдычную дапамогу з краінай, дзе парушаюцца правы чалавека? 

Андрэй Жукавец: “Не мае права. Польшча падпісала трактат Еўрасаюза і павінна яго выконваць. А ў тым трактаце сказана, што Еўрапейская Канвенцыя па правах чалавека ёсць першай дамовай , якую павінны выконваць усе дзяржавы еўразвязу. Таму Польшча павінна спыніць гэтую дамову з Беларуссю, гэтаксама як Літва і Латвія”.

Еўрарадыё: Ці ёсць нейкія структуры ў Еўрасаюзе, куды можна звяртацца са скаргай на парушэнне Канвенцыі па правах чалавека? 

Андрэй Жукавец: “Канешне ёсць. Мы яшчэ не звярталіся туды, але будзем звяртацца, бо ведаем, што гэтае супрацоўніцтва дайшло да апагея і павінна скончыцца. Вядома, што ў польскіх структурах яшчэ засталіся агенты КДБ, якія таксама выкарыстоўваюць гэтую дамову для легалізацыі свайго супрацоўніцтва з рэжымам”.

Еўрарадыё: Можа, такім чынам яны легалізуюць свой бізнэс у Беларусі?

Андрэй Жукавец: “Ведаеце, сітуацыя скандальная, трэба, каб палякі самі спрабавалі ў ёй неяк разабрацца. Што будзе далей – невядома, але польскія палітыкі пачалі ўжо выказвацца публічна ў медыях па гэтай справе. Такі ж скандал і тое, што робіцца па маёй справе – калі перакладчыкі фальсіфікуюць доказы, калі суддзя Беластоцкага суда сцвярджае, што ў Беларусі няма катаванняў і няма прымусу псіхалагічнага і фізічнага, і едзе ў Беларусь супрацоўнічаць з беларускімі суддзямі”.

Еўрарадыё: Міністэрства юстыцыі сцвярджае, што не на кожны запыт з Беларусі будзе адказваць, што запыт мусіць быць правераны і зацверджаны ў пракуратуры. Вашая справа разглядаецца ў Беластоку, хаця менавіта беластоцкія перакладчыкі ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі дакументаў. І менавіта беластоцкая пракуратура выдае банкаўскія рахункі беларускаму боку

Андрэй Жукавец: “Гэта ўжо не першы раз ідзе такое супрацоўніцтва беластоцкай пракуратуры. Я не ведаю, гэта генеральная пракуратура павінна сама разбірацца са сваімі пракурорамі. У Польшчы суддзі і пракуроры лічацца незалежнымі паводле Канстытуцыі. Націснуць на іх пры дапамозе медыяў немагчыма. Генеральны пракурор Анджэй Сэрэмет павінен сам разабрацца са сваімі пракурорамі і паглядзець, хто можа быць пракурорам у Польшчы, а хто не”.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, як далей будзе развівацца скандал з Алесем Бяляцкім?

Андрэй Жукавец: “Мы зараз рыхтуем ліст да польскіх парламентарыяў, каб у польскім парламенце было паднятае гэтае пытанне – спыненне гэтай дамовы. Дамова павінна быць спыненая юрыдычна, праз рэзалюцыю парламента”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі