Крыжаноўскі: Стыпендыі мне хапала на “чарніла” і дзяўчат

120118 Martin Stepuha.mp3

“Штомесяц плацяць каля 500 тысяч. Хапае паесці ў студэнцкім буфеце. Калі ісці забаўляцца кудысьці, то трэба эканоміць на ежы. Плацілі б хаця б тысяч на 100 больш”, — скардзіцца студэнт філфаку Ілля.


Паесці ва ўніверсітэцкай сталоўцы — каля 25 тысяч. На месяц трэба 550 тысяч. Ужо больш за бюджэтныя выплаты студэнтам.


Студэнту з філфаку Андрэю штомесяц плацяць 600 тысяч. Нямала! А хоча мільён!


Андрэй: “Апошняя стыпуха была з прэміямі — 600 тысяч. Сыходзіць на ежу, на тэлефон, на інтэрнэт. Раз на месяц кнігу набываю. Добра, каб была мільён — хапала б на ўсё”.


Калі пытаю, ці хапае звадзіць дзяўчыну ў кавярню, хлопец уздыхае.


А вось гумарысту Яўгену Крыжаноўскаму на дзяўчын у студэнцкія часы хапала. Атрымліваў штомесяц 40 рублёў, калі вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Гэта трэцяя частка сярэдняга заробку. Цяперашняя стыпендыя ў 5 разоў менш за сталічны заробак.


Яўген Крыжаноўскі: “Я атрымліваў 40 рублёў, пры заробку ў людзей у 120. І мне хапала на "чарніла", на каўбасу, на хлеб і на дзяўчын. Дзяўчыны тады каштавалі: кіно — 25 капеек, на трамваі пракаціць — 3 капейкі”.  


У кавярні тады можна было пасядзець за 5 рублёў, прыгадвае Крыжаноўскі. Літаратуру ён не набываў.


Яўген Крыжаноўскі: “Тая стыпендыя была большай. На сённяшнюю стыпендыю не пражывеш і паўмесяца. Кошты большыя. За дзяўчын больш плаціць, яны ж цяпер валютай бяруць”.


Але сёння вучыцца лепш, чым у савецкі час, іранізуе Крыжаноўскі. Бо можна падзарабіць — пайсці на панэль!


Яўген Крыжаноўскі: “Я б абраў сённяшняе студэнцкае жыццё. Можна падзарабіць — на панэль пайсці нават мужчыну”.


Ці скарыстаюцца студэнты парадай Крыжаноўскага — не вядома. Цяпер жа штомесячны даход у іх ідзе на сталоўку і вопратку.


“Цяпер у мяне стыпендыя 590 тысяч. Сыходзіць на сталовую, набыць сарочку раз на месяц. Схадзіць у піцэрыю з сябрамі — гэта 5-ая частка стыпендыі”, — падлічвае студэнтка Алена.


Сярэдняя стыпендыя ў студэнтаў — 450 тысяч. Падлічым, на што яе хопіць.


У кавярні “Тракцір на Маркса” цікаўлюся, ці часта да іх завітваюць студэнты.


“Так, часта, і вялікімі кампаніямі. Салата ў нас каштуе ў раёне 25 тысяч, гарачае каля 50 тысяч. Калі браць яшчэ выпіць, у сотню можна ўкласціся”, — гаворыць афіцыянтка Дыяна.


Значыць у месяц сюды можна прыйсці аж чатыры разы. А з дзяўчынай — толькі два.


У ГУМе спрабуем апрануцца на стыпендыю. Хапае на сарочку, гальштук і пінжак. На штаны ўжо нестае.
І на дыскатэку стыпендыі хопіць.


“Уваход у выходныя на танцпол — 70 тысяч. Столік — 100 тысяч. Ну, і каб нармальна адпачыць яшчэ тысяч 300”, — агучваюць Еўрарадыё кошты ў клубе Coyote.


Значыць, ад студэнцкага штомесячнага даходу пасля начнога адрыву ў клубе застанецца толькі 80 тысяч. Каб пражыць месяц на гэтыя грошы, можна набыць мех бульбы!


Паводле пастановы Савета міністраў, пражытковы мінімум для дзяцей-студэнтаў — 540 тысяч. А гэта на 100 тысяч менш за сярэднюю стыпендыю.

Фота: aif.by, gorkiv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі