Reuters: з 1 студзеня Расія можа спыніць экспарт нафты ў Беларусь

Reuters: з 1 студзеня Расія можа спыніць экспарт нафты ў Беларусь

З 1 студзеня Расія можа спыніць экспарт нафты ў Беларусь. Прычынай называецца адсутнасць дамоўленасці пра ўмовы яе паставак у 2020 годзе, інфармуе Reuters, які спасылаецца на свае крыніцы ў гэтай галіне. Па стане на раніцу аўторка на Беларусь не было аформлена ніводнай тоны нафты з Расіі.

30 снежня Аляксандр Лукашэнка тэлефанаваў Уладзіміру Пуціну якраз наконт праблемы з нафтай і газам. Яны гаварылі больш за гадзіну, але не дамовіліся. Было дадзена адпаведнае даручэнне ўрадам. Прэс-служба беларускага кіраўніка заявіла, што калі за 31 снежня вырашыць пытанні не паспеюць, тады існуе нейкі кампрамісны прамежкавы варыянт па ўмовах паставак. Ці сапраўды ён ёсць? У аўторак ужо Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку. Было "працягнута абмеркаванне пытанняў, якія датычаць паставак расійскай нафты ў Беларусь",інфармуе прэс-служба расійскага прэзідэнта. Ці не пра прыпыненне паставак нафты папярэдзіў прэзідэнт Расіі беларускага кіраўніка?

Крыніца Reuters падкрэслівае, што ўжо можна дакладна сказаць пра зрыў поўнага аб'ёму паставак па графіку. Самі ж пастаўкі залежаць ад вынікаў перамоў Мінска і Масквы. Выпадкова ці не, а 31 снежня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся з расійскім паслом Дзмітрыем Мезенцавым.

Па неафіцыйнай інфармацыі, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы з мінулага тыдня знізілі загрузку і ствараюць запасы сыравіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі