Рок за Баброў: “Звери” і “Ляпіс-98” гралі сваю класіку, “Сплин” і “ДДТ” – новае

Рок за Баброў: “Звери” і “Ляпіс-98” гралі сваю класіку, “Сплин” і “ДДТ” – новае

Калі едзеш на “Рок за Баброў”, дакладна ведаеш, што там будуць:

а) чэргі;

б) крутая музыка.

Але сёлетні фестываль не стаў копіяй сваіх папярэднікаў. Хутчэй, на ім усё было наадварот. Арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб гледачы правялі час с камфортам. А музыкі – прынамсі, “Сплин” і “ДДТ” – выдалі зусім не фестывальныя сэты, аддаўшы перавагу песням з новых альбомаў, да якія людзі яшчэ не паспелі вывучыць.

Пачнем з таго, што "Рок за Баброў" чарговы раз пабіў уласны рэкорд. Сёлета яго наведалі больш за 45 тысяч гледачоў. Прычым прыкладна 13 тысяч квіткоў было прададзена 4 жніўня, у дзень фэста. Арганізатары ў кулуарах распавядаюць, што былі гатовыя нават да залевы накшталт той, што здарылася месяц таму ў дзень фэста “XXI век” – але не да таго, што за некалькі гадзінаў колькасць наведнікаў вырасце на траціну за кошт тых, хто вырашыў прыйсці на фэст у апошні момант. Адсюль і чэргі на фудкорце, якія ўсё ж захаваліся, нягледзячы на ўсе намаганні арганізатараў, і недахоп пітной вады, які засмуціў некаторых гледачоў.

“Як вы думаеце, тое, што музычнаге мерапрыемства спансіруецца піўным брэндам, дае права арганізатарам не забяспечыць наяўнасць у продажы банальнай вады на фудкорце? Ці спёка наступіла нечакана? – скардзіцца ў Facebook Аляксей, які прыйшоў на “Рок за Баброў” з жонкай і дзвюма дзецьмі. – Ці купляючы білет на 9-гадзіннае мерапрыемства, ты павінен піць піва? У нас атрымалася купіць у адным месцы 2 шклянкі вады па 1 руб, і ў іншым бутэлечку 0.5 за 3 руб”.

Пацвярджаем: праблемы з тым, каб набыць ваду, на “Року за Баброў” былі. Але не было праблем хаця б з тым, каб набыць піва. Былі гіганцкія чэргі на ўваход на фэст (некаторыя парадаксальным чынам разаграваліся ў іх паўтарашкамі “Аліварыі”), але не было чэргаў у прыбіральні. І гэта ўжо крок наперад.

 

Музычны складнік “Рока за Баброў” выглядаў магутна. Стартавы беларускі блок з “Янки”, “J:МОРС”, “Дай Дарогу!” добра раскачаў гледачоў перад “студэнцкім” блокам з Louna, Noize MC і “ЛСП”. "Не пейце шмат "Баброва”, а то бацькі засмуцяцца. А будзеце піць шмат, згубіцеся і заблудзіцеся", – павучаюць музыкі са сцэны. Павінны ж і “ЛСП” неяк даносіць да студэнтаў-тусоўшчыкаў разумнае, добрая і вечнае.

Далей – хэдлайнеры. “Звери” выдали сэт з “Напитков покрепче” ды “Дождей-пистолетов”. Гурт даўно не выступаў у Мінску і, здаецца, разумеў, што ад яго чакаюць менавіта гэтых хітоў, запісаных у пачатку 2000-х.

Прыкладна таго ж чакалі і ад “Сплина”, але гурт пабудаваў свой сэт на матэрыяле з новага альбома “Встречная полоса”. +некалькіх “нятленак” накшталт “Выхода нет”.

Тое самае зрабілі “ДДТ”. Не так даўно Юрый Шаўчук прывозіў у Мінск вялікае шоу-гісторыю гурта за 25 гадоў. Таму сёлета на “Року за Баброў” вырашыў прэзентаваць песні з альбома “Галя, ходи”, які выйшаў напачатку лета. +некалькіх “нятленак” накшталт “Это всё”.

– Ну што вам граць? Старое ці новае? – пытаўся са сцэны музыка.

– Старое! – хорам адказвалі гледачы.

– Ну, новае так новае! – усміхаўся Юрый Юліянавіч.

 

“ДДТ” на “Року за Баброў” здзівілі найперш не рэпертуарам, а шматслойным і насычаным гучаннем. Музыкі нібыта прапаноўвалі гледачам параўнаць новы матэрыял са старымі-добрымі “Ты не один”, “Любовь”, “Метель августа”. А “Ночь Людмила” перарабілі так, што, каб пазнаць яе па ўступу, трэба было быць вельмі вялікім фанатам “ДДТ”!

Цэнтральнай жа падзеяй сёлетняга “Року за Баброў” стала вяртанне да рэальна вялікай публікі песень, якія “зрабілі” нашае дзяцінства: “Ау-ау”, “Когда яблони цветут”, “В платье белом”. Гэта ўсё, перамяшанае з “Капиталом”, “Манифестом” ды “Воинами света” заспяваў аркестр радыкальнага шансону "Ляпіс-98".

Міхалок быў у філасофскім настроі і размаўляў з публікай ледзь не столькі ж, колькі спяваў. Часам ўсё гэта нагадвала штогадовае пасланне кіраўніка краіны народу – з той толькі розніцай, што Лукашэнка ў сваіх пасланнях усё ж не распавядае, ці пагаліў ён сёння мышкі. А часам здавалася, што Міхалок з усіх сіл спрабуе давесці нам, што не ставіцца да старых “Ляпісаў” усур’ёз. Бясконцы стэндап перарываўся рэплікамі накшталт: “Спявай ужо, дэбіл! Гэта я не вам, гэта я сабе… Крыўдуй давай! Гэта я таксама сабе, а не вам…” І тады ўжо, Міхалок, нарэшце, пачынаў спяваць.

Калі едзеш на “Рок за Баброў”, дакладна ведаеш, што там будуць чэргі і крутая музыка. Але нават калі сёлета падалося, што ўсё было наадварот – з’язджаючы з “Рока за Баброў”, дакладна ведаеш, што вечар прайшоў не дарма, і што тыя, хто выбраў 4 жніўня пасядзець дома, зараз кусаюць локці.

Сустрэнемся на “Року за Баброў 2019”!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі