"Гвалт": отрывок из новой книги Александра Чернухо

Александр Чернухо на презентации книги "Гвалт" / Арцём Прыпісноў
Недавно у писателя Александра Чернухо вышла новая книга "Гвалт". Автор поделился с Еврорадио отрывком из произведения. А приобрести сборник рассказов можно здесь.
***
У прызначаны дзень Клаўс прыехаў на фабрыку. Яго “гелік” спыніўся акурат каля ўваходу, і мой кліент выскачыў з машыны так імкліва, нібыта прарэзаў паветра сваім масіўным целам.
— Саша, дзе яны? Паказвай! Я хачу хутчэй усё ўбачыць.
Я сам толькі ўчора ўпершыню пабываў на фабрыцы, каб пракантраляваць гатоўнасць да прыезду інвестара, і цяпер быў пад моцным уражаннем ад таго, што там убачыў. Я паціснуў Клаўсу руку і мы пайшлі ў цэх — глядзець на вытворчасць. На ўваходзе дырэктар фабрыкі — жвавенькі дзядзька з дуркаватай усмешкай і дурнымі да немагчымага вачыма — прапанаваў нам засцерагальныя маскі. Я сваю схапіў і апрануў адразу, а Клаўс узяў у руку і так і пайшоў унутр.
Гэта было маленькае памяшканне. Такое, дзе нават у здаровага чалавека можа здарыцца прыпадак клаустрафобіі. Маленькія цёмныя вокны, шурпатыя сцены, здаравенны драўляны стол і чалавек сто па перыметры — мужчыны і жанчыны. Усе яны стаялі за гэтым сталом і працавалі: рэзалі буйную, з кулак, цыбулю нажамі на драбнюткія часткі, а пасля скідвалі яе ў адзін здаравенны цэбар.
Тут невыносна было знаходзіцца нават у масцы. Рэзкі цыбулевы пах трапляў у нос і выклікаў невыносную рэакцыю — слёзы, нібы буякі, каціліся з вачэй, і спыніць іх было немагчыма. Плакалі ўсе ў памяшканні. Людзі стагналі, расціралі чырвоныя вочы мокрымі ад цыбулевага сока рукамі і ад таго плакалі яшчэ больш. Заплакаў і Клаўс, але я нават не мог зразумець, ці гэта на яго так уплывае цыбуля, ці гэта слёзы шчасця ад таго, што ён убачыў на сваёй фабрыцы.
Ён бегаў ад чалавека да чалавека і зноў утвараў гэтыя дзіўныя і смешныя гукі бегемота-вяпрука. Клаўс глядзеў людзям у вочы, хлопаў іх па плячах і правяраў кожнае вакенца, каб у ім не было ані шчылінкі. Потым браў у рукі нажы, якімі працавалі на фабрыцы, і мацаў лязо вялікім пальцам.
— Тупое, – усміхаўся ён і ішоў да наступнага працаўніка.
Клаўс нагадваў дарослага дзіцёнка. Яго вочы гарэлі, а ўсмешка перастала адлюстроўваць усе адценні лютай хцівасці і стала проста бесклапотна-шчаслівай. Я ўпершыню бачыў немца такім безабаронным і шчырым. Цяпер можна было б прасціь ад яго што заўгодна і разлічваць на пазітыўны адказ. Але мяне па-ранейшаму клапаціла толькі адно пытанне. Навошта яму гэта патрэбна? Што ён будзе рабіць з такой колькасцю нашынкаванай цыбулі? Каму спатрэбіцца такі тавар?
Я ледзь дачакаўся, пакуль мы выйдзем на свежае паветра.
— Клаўс, навошта? – сказаў я, калі ён выйшаў следам і пачаў прамываць вочы халоднай вадой. – Хаця б цяпер, калі ўсё запушчана і працуе, патлумач мне. Я бачыў рознае, але цябе я не разумею.
— Саша, гэта проста фантастыка! – нібыта не чуў ён мяне і смяяўся, быццам канчаткова звар’яцеў ад шчасця. – Усё працуе, як я і думаў! Гэта поспех, Саша!
— Які ж, блядзь, гэта поспех? – не вытрымаў я. – Там сотня зэкаў тупымі нажамі рэжа на дробныя кавалкі цыбулю. Гэта і ёсць твой бізнес-план?
Клаўс падыйшоў бліжэй і ўзяў мяне за плечы сваімі аграменнымі рукамі. Ён зірнуў мне ў вочы калючым, няўтульным позіркам — такога я не бачыў нават ад самых лютых сваіх кліентаў — і ўсміхнуўся. У гэтую ўсмешку вярнулася колішняя драпежная жарсць, і цяпер еўрапеец выглядаў настолькі злавесна, што нават спалохаў мяне.
— Саша, ты разумны хлопец, але такі дурны. Справа не ў цыбулі…
Ён глядзіць мне ў вочы і шукае там паразуменне, але я сапраўды нічога не разумею. Калі справа не ў цыбулі, тады ў чым увогуле? Ён заўважыў пустэчу ў маім спалоханым позірку і пацягнуў мяне назад — у цыбулевае пекла.
Без маскі слёзы ў момант пырснулі з вачэй і стала проста невыносна. Я з цяжкасцю ўяўляў, як гэты кантынгент працуе там з раніцы да вечара: калі б можна было прыдумаць эфектыўнае катаванне, то катаванне цыбуляй напэўжа ж увайшло б у шорт-ліст.
— Глядзі, – Клаўс узяў за каўнер нягеглага худога мужыка і павярнуў яго тварам. Мужык глядзеў праз мяне чырвонымі вачыма і часта лыпаў імі, каб спыніць невыносную рэакцыю.
— Ведаеш, хто гэта? – спытаў еўрапеец.
— Не, – адказаў я.
— А гэтая? – ірвануў ён за валасы маладую дзяўчыну, і тая заскуголіла ад болю. – Хто яна?
— Я не ведаю! – раздражнёна прарычаў я скрозь цыбулевыя слёзы.
Клаўс засмяяўся і схапіў мяне за руку, каб выцягнуць на свежае паветра.
— Ну што, цяпер зразумеў? – паглядзеў ён у мой чырвоны твар і, убачыўшы спалоханае непаразуменне, цяжка ўздыхнуў. – Саша, ваш галоўдны экспартны прадукт не калій і не БелАЗы. Не трактары і не бульба. І нават не зброя. А слёзы. Без іх вы нікому не патрэбныя і не будзеце. Разумееш? Вы цікавыя толькі тады, калі плачаце, і свет глядзіць на гэта з глыбокай заклапочанасцю. Толькі так вас можна манетызаваць. Прыбяры слёзы з вашых вачэй — і ўсё: увага імгненна знікне.
Я глядзеў на ўзбуджанага немца і намагаўся ўцяміць, пра што той кажа. Ён заўважыў гэта і пачаў злавацца па-сапраўднаму.
— Людзі любяць слёзы і гатовыя плаціць за гэта грошы, Саша! І трэба, каб гэтыя слёзы было добра чуваць. Калі ваш кантынгент будзе пакутаваць і паміраць ціха, ніхто і ніколі гэтага не заўважыць: ні закатаваных зняволеных, ні забітых мастакоў, ні зніклых палытыкаў. Знойдзецца іншае месца і іншыя людзі, і яны будуць плакаць гучней і эфектыўней. Плакаць трэба эфектыўна, Саша! Я думаў, ты кемлівы хлопец!
Чортаў Клаўс! Колькі я працаваў на гэтыя слёзы, а ніколі не здагадваўся, што іх можна добра прадаваць. Колькі страчаных магчымасцяў! Колькі ўпушчанага прыбытку! Я быў гатовы распісацца ў асабістай прафнепрыдатнасці. А ён толькі смяяўся і хлопаў мяне па плячах.
— Калі ты ведаеш, дзе здабыць слёзы, то заўсёды знойдуцца людзі, якія за гэта заплацяць, – казаў ён. – Палітыкі і журналісты, фонды і арганізацыі, бізнесмены і пенсіянеры — пакажы ім якасны тавар, і яны закідаюць цябе грашыма. Гэта магчымасць, Саша. Магчымасці нельга ўпускаць!
Мы сядзелі і гаварылі з Клаўсам ажно да самай ночы. Ён шмат жартаваў, п’яны спяваў “Купалінку” і зноў захапляўся тым, якія прыгожыя сумныя песні тут у нас.
— Саша, вы закапваеце ў зямлю золата! Так нельга! – стагнаў ён.
З раніцы, памяты і пахмурны, Клаўс зазбіраўся назад у Еўропу.
— Нельга ў вас заставацца — засмокча, – буркнуў ён і скокнуў у свой “гелік”.
Цыбулевая фабрыка вельмі хутка стала звышпрыбытковай. Мой кліент быў правы: ні калій, ні нафтаперапрацоўка не зараблялі столькі. Слёзы і грошы ліліся ракой, і Клаўс адкрываў новыя аб’екты па ўсёй краіне. Жодзіна, Магілёў, Гродна, Гомель, Шклоў, Навасады, Івацэвічы, Орша, Ваўкавыск… Усё адбывалася вельмі імкліва: толькі паспявалі дабудаваць новы “санаторый”, як каля яго адразу ж вырастала цыбулевая фабрыка і імгненна запаўнялася кантынгентам. Тысячы літраў слёз на продаж штодзень! Усе былі задаволеныя.
Клаўс у Беларусь больш не вяртаўся. Тыповыя паводзіны для ўласніка маштабаванага да памераў краіны бізнесу. Я добра зарабіў на цыбулі і, так бы мовіць, абнавіў рэзюмэ паспяховым кейсам. Пачаліся новыя праекты і новыя тэндары. Калі пад бокам растуць “санаторыі”, то нехта абавязаны на гэтым зарабляць.
Чтобы следить за важными новостями, подпишитесь на канал Еврорадио в Telegram.
Мы каждый день публикуем видео о жизни в Беларуси на Youtube-канале. Подписаться можно тут.