Рыгор Кастусёў: Улада вырашыла асадзіць назад
Адзін з кіраўнікоў БНФ пагутарыў з Еўрарадыё адразу, як даведаўся, што з яго знялі абвінавачанне ў "беспарадках" 19 снежня.
Еўрарадыё: З вас знялі абвінавачанне?
Рыгор Кастусёў: Так, я зараз дома ў Шклове, я атрымаў па пошце два лісты. У адным - паведамленне “аб спыненні крымінальнага пераследу”, а ў другім - “аб зняцці часовага абмежавання права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь”. Прычына спынення – "у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства". Больш падрабязна не тлумачыцца.
Еўрарадыё: А вы пасля выбараў за мяжу не выязджалі?
Рыгор Кастусёў: Ні разу не выязджаў, не рызыкаваў, таму што ведаў, што ў выпадку выезду я буду затрыманы і змешчаны пад варту.
Еўрарадыё: Наталля Радзіна лічыць, што пераслед спынены не будзе, проста перакваліфікуюць справу. Як вы лічыце?
Рыгор Кастусёў: Спадзяюся, што цалкам знялі пераслед, але ў нашай краіне ўсё магчыма. Я мяркую, што ўлады ўсё ж вырашылі асадзіць назад. Тое, што адпусцілі дзевяць чалавек, што прыпыняюць пераслед - гэта ўсе ж паказвае, што ўлады паступова пачынаюць даваць задні ход. Спадзяюся, што гэты працэс пойдзе далей.
Еўрарадыё: Але паралельна з гэтым працэсам распачынаецца новая справа супраць актывістаў вашай партыі быццам бы за збіццё ахоўніка. Як вы лічыце, як звязаныя гэтыя два вектары?
Рыгор Кастусёў: Тут хутчэй за ўсё праглежваецца, на маю думку, тое, што ўлады хочуць пазбавіць партыю БНФ і гэтага офіса. Тая правакацыя, якая была ўчыненая вахцёрам, які быў у стане алкагольнага ап’янення, паказвае, што ўлады спрабуюць трымаць партыю БНФ ці пэўных асобаў на кантролі. І як толькі хтосьці пачынае больш-менш актыўна дзейнічаць – яго пачынаюць прыціскаць, папярэджваць або запалохваць.
Еўрарадыё: Але чаму тады ўлады спынілі пераслед супраць вас?
Рыгор Кастусёў: Думаю, што ўлады самі разумеюць што яны ўляпаліся вельмі моцна перад сусветнай супольнасцю. Але ў той жа час баяцца актывізацыі дзейнасці палітычных партый, грамадскіх арганізацый, асобаў.
Еўрарадыё: А можа, улада проста перастала баяцца апазіцыі?
Рыгор Кастусёў: Я б не сказаў, што ўлада перастала баяцца апазіцыі. Пра гэта сведчаць факты маўклівых акцыяў, якія ўлада таксама прыпісала да дзеянняў апазіцыі. Гэта пацвярджае, што ўлада запалоханая.