Рымас Андрыкас: Абавязак адвакатаў — абараняць
Абвінавачаным па справе "19 снежня" адвакацкую дапамогу маглі б аказаць юрысты з Літвы.
Пра такую "тэарэтычную" магчымасць Радыё "Свабода" паведаміў юрыст Гары Паганяйла. Ён спасылаецца на адпаведную міждзяржаўную дамову, падпісаную Беларуссю і Літвой у кастрычніку 1992 года.
Перш за ўсё, такая дапамога магла б спатрэбіцца тым фігурантам справы "аб масавых беспарадках", на чыіх адвакатаў робіцца найбольш моцны адміністрацыйны ціск.
Літоўскі адвакат Рымас Андрыкас пацвердзіў, што ён асабіста гатовы абараняць палітвязняў. Пры гэтым выказаў здзіўленне пазіцыяй некаторых беларускіх калегаў: "Абавязак адвакатаў — абараняць. Незалежна ад палітычных ці іншых прычын. Я ніяк не разумею маіх беларускіх калегаў, якія адмаўляюцца гэта рабіць".