Рыжанкоў — пра пратэсты: кагосьці выключаць з ВНУ, кагосьці ў турму пасадзяць
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў наведаў Смаргонь і правёў прыём мясцовых жыхароў. Як піша sb.by, прыйшло больш за дзясятак чалавек. Падчас размоваў закраналіся масавыя пратэсты, якія ўжо два месяцы праходзяць у Беларусі. Адзін з пенсіянераў абураўся, што міліцыянеры ў гэтай сітуацыі "стрыманасць праяўляюць". Рыжанкоў паабяцаў: "Цяпер ужо не праявяць". Іншы мясцовы жыхар абураўся, што "адукаваныя людзі" маюць асабнякі і машыны, але "ўсё яшчэ чагосьці [ім] не хапае". Максім Рыжанкоў "падзяляе здзіўленне" наведніка.
"Прыбяры стрыжань, якім з'яўляецца прэзідэнт, — сістэму не збярэш, — так Рыжанкоў разважаў пра сітуацыю ў краіне. — Народ вывелі на вуліцу: увялі ў гульню, толькі не камп'ютарную, у якой дзесяць жыццяў. Кагосьці выключаць з універсітэту, кагосьці ў турму пасадзяць. І жыццё пайшло пад адхон".
Максім Рыжанкоў — кіраўнік Беларускай федэрацыі баскетбола. Ён не выступіў у абарону баскетбалісткі Алены Леўчанка, якая адбыла 15 сутак арышту за ўдзел у пратэстах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.