“Шахцёр” і “Белшына” пазмагаюцца за бронзу чэмпіянату ў апошнім туры
Перадапошні, 25-ты тур чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі прайшоў у суботу, 31 кастрычніка. Асноўнай інтрыгай гэтага тура было магчымае вызначэнне бронзавага прызёра сёлетняга першынства. На трэці радок прэтэндуюць салігорскі “Шахцёр” і бабруйская “Белшына”. Аднак паколькі адставанне паміж камандамі толькі ў тры ачкі, уладальнік “бронзы” вызначыцца ў апошнім туры, які пройдзе ў наступныя выходныя.
Барысаўскі БАТЭ і мінскае “Дынама” датэрмінова заваявалі “золата” і “серабро” адпаведна. У “Шахцёра” цяпер 46 ачкоў і ён на трэцім месцы, а ў “Белшыны” — 43 і яна на чацвертым радку. У выпадку, калі ў апошнім туры каманды зраўняюцца па ачках, перавага будзе за “Белшынай” па выніках асабістых сустрэч (0:0, 3:1).
Вынікі матчаў 25-га тура: “Дынама” (Мінск) — “Белшына” — 0:0, “Славія” — “Гомель” — 3:1, “Слуцк” — “Нёман” — 0:0, “Дынама” (Брэст) — БАТЭ — 0:1, “Нафтан” — “Шахцёр” — 3:4, “Віцебск” — “Тарпеда-БелАЗ” — 0:0, “Граніт” — “Мінск” — 2:0.
Фота: ria.ru