Што рабіць, каб пазбегнуць гвалту, і як быць, калі на цябе напалі?
На жаль, мы жывем у свеце, калі трэба вучыцца самаабароне
Што рабіць дзяўчынам і жанчынам, каб яны маглі пазбегнуць сітуацый, калі на іх нападаюць? А як быць, калі на цябе ўсё ж напалі? Ці варта рабіць прафілактыку толькі ў жаночым коле, калі часцей за ўсё гвалцяць менавіта мужчыны?
З усімі гэтымі пытаннямі пасля смерці жорстка згвалтаванай ў Варшаве беларускі Лізы Еўрарадыё звярнулася да фем-актывісткі Насты Базар.
Гісторыя моцна скаланула супольнасць. Нібыта гвалт быў і раней, але менавіта гэтая дзяўчына, на якую напалі ў самым цэнтры польскай сталіцы, за кароткі час пераўтварылася ў сапраўдны сімвал жаночай безабароннасці.
Суразмоўніца называе сітуацыю жудаснай і нагадвае, што, нягледзячы на прагрэс у грамадстве, да гэтага часу на месцы Лізы, на жаль, можа апынуцца вялікая колькасць жанчын.
Проста таму… што яны жанчыны.
Мужчыны, хопіць гвалтаваць!
— Будзем шчырымі, такая сітуацыя адносна мужчын верагодная нашмат меней, — кажа Наста Базар. — Напасці на жанчыну прасцей, чым на мужчыну. Таксама важна сказаць, што па статыстыцы, большасць мужчын, якія становяцца ахвярамі любога гвалту, у тым ліку сексуалізаванавага — гэта мужчыны, якія пацярпелі ад іншых мужчын.
Суразмоўніцу ўражвае, як па-рознаму людзі рэагуюць на гісторыю Лізы ў сацыяльных сетках. У польскіх пабліках яна пабачыла шмат падтрымкі, асуджэння дзеянняў гвалтаўніка і амаль не пабачыла віктымблэймінгу.
Натуральна, што і самі беларусы ў жаху ад сітуацыі: шмат хто спачувае, пералічыў грошы, калі хлопец Лізы адкрыў збор, шукаў юрыстаў і медыкаў, якія б маглі яго пракансультаваць.
Варта пайсці на курс самаабароны
— Мне б вельмі не хацелася казаць пра тое, што жанчынам трэба вучыцца сябе абараняць, але яшчэ раз — мы жывем у такім свеце, — працягвае Наста Базар. — Я ўпэўненая, што школ па самаабароне шмат паўсюль, але вельмі рэкамендую (прынамсі, хаця б тым беларускам, якія жывуць у Польшчы) сачыць за абвесткамі такой школы, як WenDo, якая прыйшла з Германіі, а пасля былі абучаныя трэнеры ў іншых краінах.
Гэта трэнінгі, якія створаныя жанчынамі для жанчын і часцей за ўсё праходзяць безкаштоўна. Яны накіраваныя не толькі на фізічную самаабарону (як выкруціцца ці ў якія кропкі ўдарыць), але, у першую чаргу, вяртаюць жанчыне моц і ўпэўненасць, што яна нешта можа зрабіць.
Звяртайцеся ў “Службу “Адно акно”
— Пачакаю, пакуль ты дапрацуеш, пойдзем разам, бо ўжо цёмна…
— Я даслала нумар таксоўкі — будзь, калі ласка, на сувязі, пакуль даеду да хаты…
— Нешта не хочацца позна сустракацца…
Суразмоўніца Еўрарадыё звяртае ўвагу на тое, што гісторыя Лізы адбілася на псіхалагічным стане беларусак па ўсім свеце. Адны дзяўчаты прыгадваюць у сацсетках выпадкі, калі былі ахвярамі гвалту ці ледзь пазбеглі такіх сітуацый, і такім чынам мы ўжо бачым масштаб праблемы, іншыя пачынаюць баяцца выходзіць з дому.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.