Скрыпаль упершыню пасля атручвання "Навічком" зрабіў публічную заяву

Аперацыя па ачыстцы Солсберы ад слядоў яду "Навічок"

Аперацыя па ачыстцы Солсберы ад слядоў яду "Навічок" / Getty Images

У Вялікабрытаніі пачаліся слуханні аб атручванні людзей у Солсберы "Навічком" (рэчывам нервова-паралітычнага дзеяння) у 2018 годзе. Мэтай атрутчальнікаў быў былы расійскі выведнік Сяргей Скрыпаль. Пацярпеў ён, яго дачка і двое брытанцаў. Яшчэ адна грамадзянка Брытаніі — Доўн Стэрджэс — загінула. Слуханні праводзяцца, каб даць сям'і брытанкі адказы на пытанні аб тым, як адбылася яе смерць.

Публічную заяву па гэтай справе ўпершыню зрабіў сам Сяргей Скрыпаль, піша "Голас Амерыкі". Ён не прысутнічаў у зале асабіста з меркаванняў бяспекі, але перадаў заяву праз адваката. "Я ўпэўнены, што Пуцін прымае ўсе важныя рашэнні асабіста і самастойна. Такім чынам, я мяркую, што ён прынамсі даў дазвол на ажыццяўленне гэтай атакі супраць мяне і Юліі", — гаворыцца ў заяве Сяргея Скрыпаля.

Нагадаем, Скрыпаля, які супрацоўнічаў з брытанскай выведкай, і ягоную дачку Юлію знайшлі без прытомнасці на вулічнай лаўцы ў Солсберы ў сакавіку 2018 года. Атрутны "Навічок" быў нанесены на ручку ўваходных дзвярэй іх дома. Пацярпеў таксама паліцэйскі, які прыехаў праверыць іх дом. Усе трое доўгі час знаходзіліся ў цяжкім стане. Але яны, а таксама партнёр загінулай Стэрджэс Чарлі Роўлі ачунялі. Роўлі прынёс Стэрджэс знойдзены флакон парфумы, у якім, на думку паліцыі, расійскія разведчыкі перавозілі атрутнае рэчыва. Жанчына, маці траіх дзяцей, стала выпадковай ахвярай замаху.

Доказы паказваюць на тое, што ў флаконе было дастаткова рэчыва, каб забіць тысячы людзей, заявіў у першы дзень слуханняў адвакат Эндру О'Конар. "Вы можаце зрабіць выснову... што тыя, хто выкінуў флакон такім чынам, дзейнічалі з неверагоднай пагардай да чалавечага жыцця", —  адзначыў адвакат. Дададзім, што брытанская паліцыя ў сувязі з нападам на Скрыпаля і ягоную дачку завочна выставіла абвінавачванні тром расіянам, якія, з іх слоў, з'яўляюцца супрацоўнікамі ваеннай выведкі ГРУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі