Следчы камітэт выставіў абвінавачванні па “справе графіцістаў”
Прынамсі двух чалавек абвінавацілі ў хуліганстве, учыненым групай асобаў.
20 жніўня Следчы камітэт выставіў абвінавачанні па так званай "справе графіцістаў". Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму выставілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — “Хуліганства, учыненае групай асобаў”. Падставай сталі беларускамоўныя графіці на будынку і запэцкванне бігборду з выявамі міліцыянтаў.
Дарэчы, Пякарскі сёння адзначае дзень народзінаў, яму спаўняецца 24 гады.
Праваабаронцы не ведаюць, ці выставілі абвінавачанне Вячаславу Касінераву, які знаходзіцца ў шпіталі пасля затрымання. Яраслаў Ульяненкаў застаецца ў статусе падазраванага.
Хлопцам пагражае абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.
Як паведамляла Еўрарадыё, праваабаронцы заявілі, што гатовыя лічыць палітвязнямі фігурантаў "справы графіцістаў".
Ці насамрэч у Беларусі можна атрымаць “крыміналку” за графіці