СМІ: Праект Захарчанкі "Маларосія" апынуўся для Крамля нечаканасцю
Абвяшчэнне "Маларосіі" не было ініцыяванае з Масквы і апынуўся для Крамля нечаканасцю. Пра гэта са спасылкай на крыніцы, блізкія да адміністрацыі прэзідэнта Расіі, піша РБК.
"Ініцыятыва на 100% ішла не ад Суркова [Уладзіслаў Суркоў — памочнік прэзідэнта Расіі, які курыруе ўкраінскі напрамак. — Еўрарадыё]", — заяўляе адна з такіх крыніц.
"Адміністрацыя [прэзідэнта Расіі] была не ў тэме. Гэта асабістая ініцыятыва Захарчанкі і яго набліжаных", — пацвярджае іншы суразмоўца РБК.
Блізкі да Суркова эксперт Аляксей Часнакоў заявіў ТАСС, што праект стварэння "Маларосіі" ініцыяваны групай пісьменнікаў і блогераў, блізкіх да кіраўніцтва самаабвешчанай "ДНР", і нават у кіраўніцтве "Данецкай народнай рэспублікі" многія яго лічаць несур'ёзным. "Праект хутчэй літаратурны, чым палітычны. Да рэальнай палітыкі маларасійская ініцыятыва не мае ніякага дачынення", — сказаў ён.
Вельмі стрымана пракаментаваў абвяшчэнне "Маларосіі" прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. Увечары 18 ліпеня ён сказаў, што словы кіраўніка "ДНР" неабходна "асэнсаваць". "Расійскі бок захоўвае прыхільнасць мінскім дамоўленасцям. Большага не хацеў бы зараз каментаваць", — сказаў Пяскоў.
Тым не менш, Пётр Парашэнка, які зараз знаходзіцца з афіцыйным візітам ў Грузіі, упэўнены, што за "Маларосіяй" стаіць Крэмль. "Захарчанка не палітычны дзеяч, а лялька, якая перадае крамлёўскія пасланні", — пракаментаваў навіну пра стварэнне новай дзяржавы на Данбасе прэзідэнт Украіны.